Праваабаронцы: "Этап абмеркавання неабходнасці адмены смяротнага пакарання мусіць сысці ў мінулае. Трэба дзейнічаць"

Круглы стол «Прававыя аспекты адмены смяротнага пакарання» ў Мінску 18 красавіка 2018 года. Фота: ПЦ “Вясна”
Круглы стол «Прававыя аспекты адмены смяротнага пакарання» ў Мінску 18 красавіка 2018 года. Фота: ПЦ “Вясна”

18 красавіка ў Мінску адбыўся круглы стол “Прававыя аспекты адмены смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь”. У мерапрыестве, арганізаваным Саветам Еўропы, акрамя дэпутатаў парламента ўдзельнічалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, у тым ліку і Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда распавёў, што мерапрыемства пакінула пасля сябе дваякія ўражанні.  

“Па-першае, у рыторыцы ўдзельнікаў, сярод якіх было шмат дэпутатаў парламента, увесь час гучала, што Беларусь падыйшла да рысы адмены смяротнага пакарання. Можна сказаць, што гэтыя настроі луналі ў паветры. Гэта адно ўражанне. Іншае ўражанне заключаецца ў тым, што, на жаль, мерапрыемствы такога кшталту выклікаюць у мяне пэўную трывогу. Справа ў тым, што, напрыклад, у 2016 годзе напярэдадні падобнага мерапрыемства ў краіне былі расстраляны тры чалавекі. Таксама за паўгады да гэтага быў расстраляны Сяргей Іваноў, што адбылося праз два тыдні пасля мерапрыемства такога кшталту.

Нядаўна я сустракаўся з былым міністрам юстыцыі Францыі Рабэрам Бадзінтэрам. Падчас доўгай размовы пра праблему смяротнага пакарання ён сказаў, што Беларусь застаецца сур’ёзным агменем супраціву абаліцыянізму ў свеце. І я згодзен з гэтым, бо, з аднаго боку, ёсць ва ўладаў разуменне, што смяротнае пакаранне замінае нашай краіне, але з іншага боку, пастаянна гучаць спасылкі на рэферэндум 1996 года і меркаванне грамадства, што замінае рухацца далей. Складаецца такое ўражанне, што людзі спачатку гавораць відавочныя рэчы, кшталту “кола круглае”, але затым прапануюць паслухаць іншыя меркаванні”.

Андрэй Палуда не выключае, што пытанне адмены смяротнага пакарання ў хуткім часе ізноў можа быць вынесена на рэферэндум, бо вялікая колькасць прадстаўнікоў улады выказвалася ў гэтым накірунку. Але сам праваабаронца выступае супраць таго, каб гэтае пытанне вырашалася такім шляхам, і нагадвае, што для адмены ці ўвядзення мараторыя на выкананне вышэйшай меры дастаткова рашэння прэзідэнта або парламента.

Такога ж меркавання прытрымліваецца ў юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка, які таксама браў удзел у круглым стале. Па яго словах, прадстаўнікі дзяржавы занадта часта спасылаюцца на “волю народа” і яго негатоўнасць да адмены смяротнага пакарання. Пры гэтым усе забываюцца на тое, што вялікая колькасць сапраўды важных зменаў у заканадаўстве адбываецца без удзелу грамадства.

Павел Сапелка лічыць, што этап абмеркавання неабходнасці адмены смяротнага пакарання павінен застацца ў мінулым, бо большасць законатворцаў і чыноўнікаў выказваюцца за яго адмену. Пытанне таго, что неабходнасць адмены ёсць, па меркаванн Сапелкі, вырашана. Зараз трэба сканцэнтравацца на вырашэнні таго, калі і ў якой форме гэта адбудзецца.

"І на дадзеным этапе канешне трэба дыскутаваць, вывучаць замежны досвед і ўласнае заканадаўства і прапаноўваць такія формы, якія б улічвалі інтарэсы розных бакоў, у тым ліку і тых, хто на дадзены момант асуджаны да вышэйшай меры. Напрыклад, адной з прапаноў было ўвядзенне мараторыя на невялікі тэрмін -  на адзін ці тры гады. Так, безумоўна, гэта быў бы важны крок наперад пасля столькіх гадоў дыскусій, але ж ніхто не падумаў, што будзе адчуваць у такіх умовах асуджаны да смяротнага пакарання – калі спачатку дадуць надзею на захаванне жыцця, а затым могуць яе спакойна адабраць. А гэта ёсць не што іншае, як бесчалавечнае абыходжанне".

Таксама юрыст ПЦ “Вясна” падкрэсліў, што ўвядзенне мараторыя ці адмена смяротнага пакарання верагодна пацягне за сабой іншыя змены ў крымінальным заканадаўстве.  

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны