Праваабарончы ўік-энд у Віцебску і тэма смяротнага пакарання

Праваабарончы ўік-энд у Віцебску 20 красавіка 2018 г.
Праваабарончы ўік-энд у Віцебску 20 красавіка 2018 г.

Распачаў трохдзённы цыкл асветніцкіх імпрэзаў прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна”, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакараньня” ў Беларусі Андрэй Палуда, які ўвечары 20 красавіка прачытаў лекцыю ў арт-цэнтры VZAP.

«Не!» – смяротнаму пакаранню

Як адзначыў Андрэй Палуда, кампанія супраць смяротнага пакарання дзейнічае ў двух накірунках: юрыдычным (праца ў беларускіх і міжнародных судах з кейсамі, звязанымі са смяротнымі прысудамі) і інфармацыйным (тлумачэнне неабходнасці адмовы ад смяротнага пакарання).

На жаль, на побытавым узроўні існуе яшчэ шмат каламесіцы ў пытанні смяротнага пакарання. Разам з тым сярод прадстаўнікоў заканадаўчай улады прысутнічае пэўнае ўсведамленне неабходнасці ўкаранення ў Беларусі эўрапейскіх і агульначалавечых стандартаў у галіне правоў чалавека.

Калі на сайтах пачытаць камэнтары пад артыкуламі, прысвечанымі праблеме смяротнага пакарання, то яны часьцяком прасякнутыя нянавісцю ў дачыненні ня толькі да злачынцы, асуджанага на вышэйшую меру пакарання, але і да ягоных сваякоў. І тут рэч у тым, што сама наяўнасьць смяротнага пакарання ў нацыянальным заканадаўстве немінуча раскручвае спіраль нянавісці.

На існаванне ў краіне смяротнага пакарання ўплывае і пазіцыя прэзыдэнта. Яго асабістае меркаванне спрыяе ня толькі захаванню смяротнай кары, але ўплывае нават на вынікі разгляду касацыйных скаргаў асуджаных на смерць асобаў. Асабліва з улікам таго, што менавіта кіраўнік дзяржавы прызначае ўсіх чальцоў судовага корпусу. Па вялікім рахунку, ёсць пазыцыя, ад якой залежыць усё.

У сувязі з імаверным рэфэрэндумам Андрэй Палуда выказаў здагадку, што адным з пытанняў, якія будуць вынесеныя на ўсенароднае абмеркаванне, будзе ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Але нават скасаванне кары смерцю не дае гарантыі яе невяртання ў нацыянальнае заканадаўства ў будучыні. Гісторыя ведае прыклады, калі адмененае смяротнае пакаранне празь нейкі тэрмін вярталася ізноў. Так, за савецкім часам смяротнае пакаранне адмянялася тры разы, а ў Расейскай імпэрыі, складовай часткай якой была і Беларусь, –  пяць разоў. У гэтай сітуацыі падаецца важным не прыпыняць асветніцкую дзейнасць, як што да правоў чалавека ўвогуле, гэтак і да праблематыкі смяротнага пакарання ў прыватнасці.

Дыскусійная частка

Узьнятыя лектарам пытанні выклікалі гарачае абмеркаванне сярод прысутных. Дыялог атрымаўся насычаным эмоцыямі і канкрэтнымі прыкладамі з жыцця.

Адказваючы на пытанне прадстаўніцы аргкамітэту «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Тацяны Севярынец, ці магчыма спадзявацца на перамены пры адсутнасці выразнай прававой пазыцыі сярод беларускіх грамадзянаў, Андрэй Палуда зазначыў, што Беларусь – вельмі кансерватыўная краіна, але не ў рэлігійным кантэксце, а ў савецкім. Савеччына захоўваецца тут усюды – пачынаючы ад абрэвіятуры КДБ і заканчваючы сістэмай расстрэлу людзей, якая пакрытая важкай заслонай сакрэтнасці. Ён распавёў, што ў кожным выпадку, нават калі чалавек не звяртаўся па памілаванне, адмысловая камісія па памілаванні разглядае справу і пасля кіраўнік краіны прымае ўказ, пад якім апошнім ставіць свой подпіс. Дагэтуль мы ня ведаем канкрэтнай колькасці расстраляных у Беларусі пасьля развалу СССР. Цяпер у расстрэльных камерах знаходзяцца шэсць асобаў, вышэйшая мера да якіх можа быць выкананая ў кожную хвілю.

Падчас дыскусіі згадалі і выбух у мінскім метро, пасля якога смяротны прысуд у дачыненні да віцебчука Ўладзіслава Кавалёва быў выкананы ў надзвычай сціслы тэрмін.

Грамадзкі актывіст Ян Дзяржаўцаў узняў пытанне масавых расстрэлаў за часамі сталінізму, а таксама нагадаў пра справу Генадзя Міхасевіча, ахвярамі якой сталі некалькі невінаватых чалавек. Як адзначыў Андрэй Палуда, важкім аргументам на карысць адмены смяротнага пакарання для яго ёсць імавернасць судовай памылкі, прыкладам чаго служыць лёс Мікалая Цярэні, расстралянага замест Міхасевіча.

Пасля абмеркавання прысутныя праглядзелі некалькі мультфільмаў, створаных актывістамі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”

Паводле «Віцебскай Вясны”

Фота

Праваабарончы ўік-энд у Віцебску 20 красавіка 2018 г.
Праваабарончы ўік-энд у Віцебску 20 красавіка 2018 г.
Праваабарончы ўік-энд у Віцебску 20 красавіка 2018 г.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны