Вярхоўны суд вызначыўся з датай разгляду скаргі асуджанага да смяротнага пакарання

Аляксандр Жыльнікаў. Фота: БелаПАН.
Аляксандр Жыльнікаў. Фота: БелаПАН.

У Вярхоўным судзе Беларусі на 29 траўня прызначаны разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Жыльнікава. Як паведамляе каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда,  судовае паседжанне пачнецца на 9-30.

Аляксандр Жыльнікаў і ягоны знаёмы Вячаслаў Сухарко былі абвінавачаныя ў забойстве трох чалавек, разбоі, крадзяжы дакументаў. Разам з імі па справе праходзіла таксама Аліна Шульганава, якая абвінавачвалася ў арганізацыі прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання чалавека.

Мінскі гарадскі суд абвясціў прысуд па дадзенай справе 6 сакавіка 2017 года: пажыццёвае зняволенне для мужчын і 12 гадоў пазбаўлення волі для жанчыны. 14 ліпеня Вярхоўны суд адправіў справу на паўторны разгляд у суд першай інстанцыі з новым складам судовай калегіі па крымінальных справах.

20 студзеня на паўторным працэсе Мінгарсуд абвесціў прысуды абвінавачаным у забойстве ў снежні 2015 года маладой пары з Мінску і мужчыны з Калодзішчаў: для Вячаслава Сухарко і Аляксандра Жыльнікава - смяротнае пакаранне, для Аліны Шульганавай - 12 гадоў пазбаўлення волі.

“Наколькі я валодаю інфармацыяй, Вячаслаў Сухарко не будзе абскарджваць вырак і не збіраецца звяртацца ў апеляцыйную інстанцыю, хаця яго адвакат усё адно павінен будзе гэта зрабіць”, - зазначае каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

Трагедыя ў Мінску адбылася ў снежні 2015 г. - у сваёй кватэры былі забітыя малады хлопец і яго дзяўчына. Былая сяброўка маладога чалавека, выхавальніца дзіцячага сада Аліна Шульганава, не змагла змірыцца з тым, што яе кавалер сышоў да іншай, і вырашыла саперніцу правучыць. Выканаўцы перастараліся - замест таго, каб прыстрашыць саперніцу, забілі і новую выбранніцу хлопца, і яго самога.

Адразу пасля затрымання стала вядома, што зламыснікі - Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко - датычныя яшчэ і да забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваёй хаце аднаму з іх.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны