У Віцебску дыскутавалі на тэму смяротнага пакарання: часам нават эмацыйна

Дыскусія на тэму смяротнага пакарання ў Віцебску 5 чэрвеня 2018 гоад. Фота: "Вяцебская Вясна".
Дыскусія на тэму смяротнага пакарання ў Віцебску 5 чэрвеня 2018 гоад. Фота: "Вяцебская Вясна".

Гэткага прадстаўнічага візіту паважных замежных гасцей Віцебск, бадай, не зведваў яшчэ ніколі за ўсю сваю 1000-гадовую гісторыю. 5 чэрвеня на сустрэчу з актывістамі грамадзянскай супольнасці, мясцовай адміністрацыяй, медыямі, бізнэс-супольнасцю прыехалі адразу двое высокіх прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу у Беларусі: амбасадарка Вялікай Брытаніі спадарыня Фіёна Гіб і намеснік кіраўніка місіі, дарадца амбасады Італіі спадар Паоло Таніні.

Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", мерапрыемства, прысвечанае праблеме смяротнага пакарання, было зладжанае амбасадай Вялікай Брытаніі. Гэта была ўжо пятая сустрэча ў шэрагу падобных у Беларусі – да таго госці паспелі наведаць рэгіёны Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Магілёўшчыны.

Апроч галоўных пасланцоў заходніх дзяржаў, удзел у сустрэчы з віцебчукамі, што адбывалася ў канфэрэнц-залі гатэлю «Лучоса», узялі таксама шматлікія міжнародныя эксперты: спадар Парвез Джабар, выканаўчы дырэктар НДА «The Death Penalty Project»; спадарыня Асунта Віва Кавальле, генеральная сакратарка НДА «Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання», Гішпанія; доктар Алясандра Саляконэ, прадстаўнік Грамады Святога Эгідыя.

Зразумела, такога кшталту імпрэза не магла абысціся без прадстаўнікоў улады. Уступным словам распачаў мерапрыемства Андрэй Навумовіч, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных стасунках і сродках масавай інфармацыі. Менавіта ён прадставіў прысутным заходніх візітоўцаў і перадаў ім слова.

Апроч Навумовіча, у складзе «дэсанту» ад улады прысутнічала Наталля Гуйвік, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў з Полацку. Зрэшты, яна была найменш актыўная з тых, хто сядзеў «у прэзыдыуме»: за ўвесь час прамовіла толькі аднойчы, паспрабаваўшы запярэчыць праваабаронцу Паўлу Левінаву, калі той казаў пра тое, што летась у Віцебску – упершыню за доўгія гады ў вобласці – быў абвешчаны смяротны вырак (вядзецца пра прысуд аблсуду Віктару Лётаву, які, як высветлілася, надоечы быў выкананы).

 Дыскусія на тэму смяротнага пакарання ў Віцебску 5 чэрвеня 2018 гоад. Фота:

«Не летась, а ў 2017-м», – удакладніла Гуйвік. А потым, зразумеўшы, што схібіла, і што «2017-ы» і «летась» – гэта тое самае, астатні ўвесь час ужо маўчала. А як скончылася афіцыйная частка праграмы, адразу ўцякла ад публікі – відаць, не захацела, каб пытанні ёй задалі яшчэ і незалежныя журналісты, якія на імпрэзу з'явіліся ў вялікай колькасці.

Што тычыцца заяўленай тэмы імпрэзы, дзе большая частка часу была адведзеная на пытанні аўдыторыі і адказы на іх прысутных міжнародных экспертаў, дык тут было поўнае аднадумства. Усе, у тым ліку дэпутат парламенту спадар Навумовіч, выказваліся за тое, каб рана ці позна смяротнае пакаранне ў краіне было скасаванае.

Выказваючыся, апошні пацвердзіў, што яго кранула інфармацыя, якую ён пачуў, калі наведваў Брытанію, пра магчымасьць судовай памылкі – і менавіта гэты аргумент стаў для яго найгалоўнейшым чыннікам на карысць таго, што Беларусь павінна далучыцца да пераважнай большасці краінаў свету, дзе смяротныя прысуды альбо не выносяцца наогул, альбо нават калі і выносяцца, то не прыводзяцца ў выкананне. «Але мы павінны ўлічваць думку і тых, хто на рэфэрэндуме 1996 году выказаўся за захаванне смяротнай кары», – тут жа дыпляматычна выказаўся дэпутат Навумовіч.

Дыскусія была жвавай. Сярод прысутных у залі гатэлю «Лучоса» найбольшай актыўнасьцю вылучыліся прадстаўнікі аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Урэшце амбасадарка Вялікай Брытаніі, якая была мадэратарам дыскусіі, нават мусіла пазбавіць слова надта актыўную каардынатарку БХД па Віцебскай вобласці Таццяну Севярынец, якая спрабавала ўкласці ў вушы дэпутата Навумовіча думку, што трэба як найхутчэй рабіць захады, каб скасаваць смяротны прысуд. Дзеля гэтага яна прапанавала правесці рэферэндум.

Дыскусія на тэму смяротнага пакарання ў Віцебску 5 чэрвеня 2018 гоад. Фота:

Хтосьці з міжнародных экспертаў запярэчыў актывістцы БХД і сказаў, што не трэба лабіраваць выказаную ёй ідэю. Калі зараз праводзіць рэферэндум, то гэта дужа небяспечна, бо большасць насельніцтва, найхутчэй, выступіць за смяротную кару. У краінах Еўропы скасаванне смяротнага пакараньня, як правіла, было палітычным рашэннем, прынятым наверсе, а ўжо потым грамадзкая думка ішла ўслед за гэтым рашэннем.

Скасаванне смяротнага пакарання павінна здзяйсняцца палітычным кіраўніцтвам, а не ісці ўслед за стаўленнем грамадзтва да гэтай праблемы... Напрыклад, Аб'яднанае Каралеўства скасавала смяротную кару ў 1965 годзе насуперак магутнай грамадзкай думцы. У 2014 годзе, амаль праз 50 год пасля скасавання, апытанні ўпершыню паказалі, што большасць насельніцтва ўжо не выступае за смяротнае пакаранне».

Фота

Дыскусія на тэму смяротнага пакарання ў Віцебску 5 чэрвеня 2018 гоад. Фота: "Вяцебская Вясна".
Дыскусія на тэму смяротнага пакарання ў Віцебску 5 чэрвеня 2018 гоад. Фота: "Вяцебская Вясна".

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны