Віцебскі праваабаронца падаў заяўку на пікет “Не – смяротнаму пакаранню!”
Згодна з заявай аб правядзенні пікетавання, пададзенай праваабаронцам Леанідам Свецікам у адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску, імпрэза мусіць адбыцца 12 кастрычніка на пляцоўцы, адмыслова вызначанай гарвыканкамам пад масавыя мерапрыемствы. Пра гэта паведамляе рэгіянальны праваабарончы сайт “Віцебская вясна”. Асноўная мэта пікету – публічна адзначыць у горадзе Сусветны дзень супраць сьмяротнай кары.
Дзень супраць смяротнай кары прыпадае на 10 кастрычніка. Упершыню гэтая дата пачала адзначацца ў розных краінах ў 2003 годзе з ініцыятывы Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання – міжнароднага аб'яднання, у якое ўваходзяць больш як паўтары сотні міжнародных і нацыянальных праваабарончых арганізацыяў. З 2007 году згодна з пастановай Камітэту міністраў Рады Эўропы гэты дзень стаў таксама і Эўрапейскім днём барацьбы супраць смяротнага пакарання.
Традыцыйна праваабаронцы Беларусі – адзінай краіны ў Эўропе, дзе дагэтуль выносяцца і выконваюцца смяротныя прысуды – не абмяжоўваюцца адным днём, а ладзяць розныя імпрэзы супраць пакарання смерцю цягам тыдня. Апроч пікету, у Віцебску ў межах тыдня запланаваны таксама музычны фэстываль «Рок за жыццё».
«Смяротная кара, як сродак крымінальнага пакарання, парушае неад'емнае права чалавека на жыццё, якое абвешчанае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, – адзначыў Леанід Свецік у заяўцы на пікет. – Даказана, што смяротнае пакаранне вядзе да дэгуманізацыі грамадства і ня толькі не памяншае колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў, але і часцяком выклікае іх рост. Акрамя таго, ніводная судовая сістэма не застрахаваная ад памылак. Гэта азначае, што пры наяўнасці смяротнага пакарання ў дзяржаве час ад часу непазбежна будуць пакараныя невінаватыя».