Лідэр БНФ выказаўся з нагоды тыдня супраць смяротнага пакарання
Ад 5 кастрычніка ў Беларусі праводзіцца тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня. З гэтай нагоды старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў нагадаў, што патрабаванне скасавання смяротнага пакараньня ўваходзіла ў перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў ад Партыі БНФ, а ад 2014 года гэткае палажэнне ўнесенае ў афіцыйную праграму БНФ “Адраджэнне” і Партыі БНФ.
Палітык таксама выказаў асабістае стаўленне да чыннікаў, якія абумоўліваюць неабходнасць адмовы ад смяротнага пакарання:
"Наяўнасць смяротнага пакарання робіць немагчымым уступленне Беларусі ў Савет Еўропы. На карысць адмовы ад смяротнага пакарання існуе безліч аргумэнтаў як гуманітарнага, этычнага парадку, так і крыміналагічнага кшталту. Менавіта з гэтай прычыны палажэнне пра скасаванне смяротнага пакараньня ўключанае ў праграму Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне".
Я сам не спецыяліст у крыміналогіі і не лічу сабе ўпаўнаважаным разважаць пра тое, якім чынам наяўнасць у законе смяротнага пакарання ўплывае на стан злачыннасці. Я больш разбіраюся ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. Я ўсё жыццё прапарацаваў ў сельскай гаспадарцы і ў ЖКГ, у дзяржаўным сектары гэтых галінаў. І я скажу так: той, хто адэкватна ацэньвае маштаб хібаў і промахаў, ды і адкрытых злоўжыванняў у дзяржаўнай палітыцы ў сельскай гаспадарцы, хто бачыць знутры, як працуе дзяржаўная сістэма ў ЖКГ, – той ніколі не пагадзіцца з тым, каб такая ж сістэма вырашала пытанні чалавечага жыцця. Не толькі з нейкіх высокіх меркаванняў – а з простых практычных прычынаў: нельга даваць дзяржаве права караць людзей смерцю. Бо яна непазбежна будзе гэтым правам злоўжываць”, – адзначыў Рыгор Кастусёў у сваім допісе ў Фэйсбуку.