Фестываль “Рок за жыццё” у Мінску (анлайн)
Штогадовы фестываль «Рок за жыццё», прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, праходзіць сёлета ўжо ў трэці раз. Каб падтрымаць увядзенне мараторыя на вышэйшую меру ў нашай краіне, папулярныя гурты Nizkiz, «Петля Пристрастия», «Мутнаевока», а таксама SnopSnoŭ і Teleport, граюць 7 кастрычніка у мінскім клубе Re:Public.
Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб'яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.
Беларусь дагэтуль застаецца апошняй еўрапейскай і адзінай постсавецкай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.
5 кастрычніка распачаўся традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, мерапрыемствы якога праходзяць пад слоганам “Годнасць для ўсіх".