"Мы не святкуем, мы выказваем сваю салідарнасць": у Мінску музыкі адыгралі канцэрт супраць смяротнага пакарання

Гурт Teleport
Гурт Teleport

У мінскім клубе Re:Public у нядзелю, сёмага кастрычніка, прайшоў традыцыйны фестываль "Рок за жыццё", прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання.

Сваім удзелам ідэю ўвядзення мараторыя на вышэйшую меру пакарання ў Беларусі, падтрымалі папулярныя беларускія гурты Nizkiz, "Петля Пристрастия", "Мутнае вока", а таксама пераможцы конкурсу знакамітага фестывалю "Басовішча" двух апошніх гадоў Teleport, SnopSnoŭ

Выканаўцы падчас сваіх выступаў выказваліся наконт тэмы смяротнага пакарання. Лідар гурта SnopSnoŭ Сяргей Іваноў адзначыў, што прысутнічыя, наведаўшы гэты канцэрт, ужо зрабілі ўнёсак у вялікую справу па барацьбе супраць смяротнага пакарання. Напрыканцы саліст SnopSnoŭ  пажадаў усім "любіць адзін аднога, і цаніць жыццё адзін аднога".

rok_za_2018_10.jpg
Бубнач гурта SnopSnoŭ

Лідар гурта "Мутнае вока" Яўген Змушка падкрэсліў падчас свайго выступу: "Мы не святкуем, мы выказваем сваю салідарнасць".

Падчас канцэрту ладзілася анлайн-трансляцыя для тых, хто не змог прыйсці паслухаць выступоўцаў ужывую. 

На фестывалі ладзілася акцыя "майка за #рокзажыццё", падчас якой жадаючыя маглі атрымаць цішоткі з эмблемай "НЕ смяротнаму пакаранню" за фотаздымак у сацыяльных сетках. Акрамя гэтага, прысутныя змаглі атрымаць іншыя атрыбуты з сімволікай кампаніі: налепкі, значкі і іншае.

Вядучы раздае налепкі
Вядучы раздае налепкі "НЕ смяротнаму пакаранню"

Жадаючых паслухаць гурты назбіралася шмат. Падтрымаць кампанію "НЕ смяротнаму пакаранню" прыйшоў Пасол Францыі Дзідзье Канес.

Пасол Францыі Дыдзье Канес і каардынатар кампаніі Андрэй Палуда
Пасол Францыі Дзідзье Канес і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда

Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб'яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь дагэтуль застаецца апошняй еўрапейскай і адзінай постсавецкай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.

У папярэднія гады фестываль "Рок за жыццё" таксама праходзіў ў клубе Re:Public, сваім удзелам ідэю адмены смяротнага пакарання падтрымалі «Дай Дарогу!», Akute, Re1ikt і іншыя музыкі. Сёлета ўпершыню "Рок за жыццё" прайшоў у Віцебску.

Нагадаем,  пятага кастрычніка распачаўся Тыдзень супраць смяротнага пакарання, мерапрыемствы якога праходзяць пад слоганам “Годнасць для ўсіх".

Канцэрт "Рок за жыццё" ў Мінску

Фота

Вядучы раздае налепкі "НЕ смяротнаму пакаранню"
"Рок за жыццё"
Пасол Францыі Дзідзье Канес і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда
Бубнач гурта SnopSnoŭ
"Рок за жыццё"

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны