Павал Левінаў просіць віцебскіх суддзяў прыпыніць вынясенне смяротных прысудаў

Павел Левінаў. Фота: "Віцебская Вясна".
Павел Левінаў. Фота: "Віцебская Вясна".

У звароце да суддзяў судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага аблсуду праваабаронца Павал Левінаў папрасіў прыпыніць вынясенне смяротных прысудаў і замяніць такое пакаранне іншымі відамі. Разам са зваротам праваабаронца даслаў у калегію 16 асобнікаў спецвыпуску газеты “Народная Воля” – “Скажам НЕ смяротнаму пакаранню!”.

“Вы ўзаконваеце інстытут легальных забойцаў”

Павал Левінаў нагадаў суддзям, што ад 5 да 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Разам з тым выказаў шкадаванне, што нікога з іх не пабачыў на фэсце “Рок за жыццё”, які праходзіў у Віцебску ў межах гэтай акцыі. Больш за тое, 6 кастрычніка ўступіў у сілу смяротны вырак, які 22 верасня 2017 году вынеслі суддзі Віцебскага абласнога суду.

“Дадзены вырак суду ўзаконвае інстытут легальных забойцаў, якія здзяйсняюць наўмыснае забойства”, – піша Левінаў. - Страшна ўсведамляць, што ты жывеш сярод людзей, якія выносяць смяротныя прысуды і прыводзяць іх у выкананне!”

“Нішто ня можа апраўдаць забойства ад імя дзяржавы”

У сваім лісце прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту ўзгадвае асноўныя моманты ў гісторыі сусветнай юстыцыі, якія вялі да адмовы ад смяротнага пакарання. Цытуе Чэзарэ Бэккарыя і Джэрэмі Бэнтама. Сцвярджае, што “у параўнанні з рэфэрэндумам 22-гадовай даўніны ў беларускім грамадзтве вызначыліся пэўныя зрухі”, а “колькасць прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання ў Беларусі расце”.

“Нягледзячы на тое, што большасьць пакуль што жадае захаваць гэты від пакарання, датрыманне правоў чалавека не павінна залежыць ад настрояў у грамадзтве. Бо ўсім вядомыя факты, калі грамадзтва лічыла прымальным эксплуатацыю людзей з цёмным колерам скуры, ізаляцыю людзей з інваліднасьцю ды знішчэнне цэлых асобных народаў”, – аргумэнтуе сваю пазыцыю праваабаронца.

“Выступаю за справядлівае і абгрунтаванае пакаранне для злачынцаў, якое служыць мэтам правасуддзя і вартае грамадзтва, дзе права на жыццё з'яўляецца абсалютнай каштоўнасцю. Смяротную кару расцэньваю як парушэнне права на жыццё, гарантаванага Канстытуцыяй РБ і міжнароднымі пагадненнямі ў сферы правоў чалавека. Цвёрда перакананы, што нішто ня можа апраўдваць наўмыснае і бязлітаснае пазбаўленне чалавека жыцця ад імя дзяржавы”, – падсумоўвае Павал Левінаў.

Павал Левінаў просіць разгледзець ягоны зварот на сумесным паседжанні судовай калегіі, а таксама азнаёміць кожнага суддзю з інфармацыяй, зьмешчанай у спецвыпуску газэты “Народная Воля”.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны