Чаму і калі людзі апранаюць майкі “Скажы НЕ смяротнаму пакаранню”? Частка 2
Час ад часу на вуліцах ці на фатаздымках у сеціве можна пабачыць людзей, апранутых у майкі з яскравым і запамінальным надпісам “Скажы НЕ смяротнаму пакаранню!”, дызайн якіх быў распрацаваны Уладзімірам Цэслерам. Падчас Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі ПЦ “Вясна” вырашыў спытаць у розных людзей, у якіх сітуацыях яны апранаюць гэтыя майкі і чаму яны публічна выказваюцца супраць смяротнай кары.
Актуальнае, складанае і балючае - праз мастацтва
Адзін з найлепшых і эфектыўных шляхоў распавесці грамадству пра пэўную актуальную і часам складаную тэму – гэта творчасць. Розныя віды мастацтва ўздзейнічаюць на чалавека па-рознаму: штосьці апелюе да розуму, штосьці да пачуццяў, аднак у любым выпадку мова мастацтва рэдка каго пакідае абыякавым. Так, праблему смяротнага пакарання можна пабачыць у карцінах мастакоў, пра яе кажуць артысты са сцэн тэатраў, у сваіх творах і выступах яе ўздымаюць музыкі і паэты.
Алесь Макарэвіч – малады паэт з Воршы, які піша вершы на гістарычныя і вострыя сацыяльныя тэмы, сярод якіх і тэма смяротнага пакарання. Але акрамя гэтага, яго часта можна пабачыць апранутым у майку Цэслера ці швэдар. Ён распавёў пра сваё стаўленне да праблемы.
“Калі я апранаю майку “Скажы НЕ смяротнаму пакаранню", то тым самым хачу сказаць пра чысціню. Ва ўсіх сэнсах, у тым ліку пра чысціню намераў людзей. Людзей, якія падымаюць сцягі супраць смяротнага пакарання.
Я падтрымліваю ідэю адмены смяротнага пакарання, таму што гэта не панацэя. Перад злачынствам чалавек не думае пра тое, што яго застрэляць або заб’юць палкамі да смерці. Гісторыя паказвае, што ў розны час і ў розных кутках света каралі смерцю не толькі за злачынствы, але і за простыя правіннасці. Але хіба іх стала менш? Не. Навошта ж тады амываць рукі крывёю?
Той, хто вынес смяротны прысуд, сваёй уласнай рукой жыццё не абарве. Забіваць свае нервы будуць іншыя. І людзей забіваць будуць іншыя. І ў гэтым конвеера смерці ўсім яго ўдзельнікам чыстымі не застацца ... Ну навошта нам праходзіць доўгі шлях да добрага жыцця, калі можна расстраляць? Прасцей і танней. Гэта вось такая аддушына для "цароў" нашай краіны".
Паэт адзначыў, што ў яго разуменні адмена смяротнага пакарання - гэта шлях да "здаровага грамадства": да ўзаемапавагі, дэмакратыі, выканання правоў чалавека.
“Адмена смяротнага пакарання - гэта пераход на больш высокую прыступку эвалюцыі (калі так можна выказацца), чым тая, на якой мы цяпер знаходзімся”, - рэзюмаваў Алесь Макарэвіч.
Мастачка і скульптарка Таццяна Тур, якая зараз жыве ў Ізраілі, для таго, каб распавесці іншым пра хвалюючыя яе праблемы, абірае не самы просты спосаб. Гэта перфоманс. Часам людзі не разумеюць яе творчую мову, часам здзіўляюцца, але ж застацца абыякавымі ў іх наўрад ці атрымліваецца. Таццяна таксама выступае супраць смяротнага пакарання і адназначна расцэньвае яго як забойства.
“Прымяненне смяротнага пакарання – гэта ў любым выпадку забойства чалавека, што само па сабе недапушчальна. Калі віна чалавека канешне даказаная, то, па маім меркаванні, чалавеку варта пакінуць жыццё, каб ён у адзіноце сядзеў у камеры і думаў пра тое, што ён здзейсніў і чаму ён трапіў за краты. Гэта дакладна будзе значна больш жорсткім пакараннем, чым хуткая смерць. І ў незалежнасці ад таго, што гэты чалавек зрабіў, расстраляць яго – гэта адназначна здзейсніць забойства. Іншымі словамі гэта называць нельга”.
10 кастрычніка, у сусветны Дзень супраць смяротнага пакарання, у Амбасадзе Літоўскай рэспублікі ў Мінску Таццяна Тур ладзіць перфоманс, прысвечаны гэтай праблеме. Ён распавядзе аб пакутах родных і блізкіх асуджаных.