Пра смяротнае пакаранне дыскутавалі ў Шклове
Фільм “Гісторыя смяротнага пакараня ў Беларусі”, зняты ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, паглядзелі ды абмеркавалі ў Шклове падчас адкрыцця Літаратурнага салона імя Міхася Зарэцкага.
Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя, перад пачаткам дыскусіі стваральнікі фільма і краязнаўца Алесь Грудзіна наведалі месца масавага расстрэлу габрэяў падчас Другой сусветнай вайны і мемарыял на могілках.
Пасля прагляду фільма адбылася дыскусія, падчас якой абмяркоўвалася права на жыццё і ролю смяротнага пакарання ў гісторыі Беларусі.
Пётр Мігурскі, прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы “Шклоўскі магістрат” сказаў:
“Прыйшоў час адмяняць смяротнае пакаранне ў Беларусі. Асабліва страшна, калі за чужую віну расстраляны невінаваты. Па нашых звестка ў Шклове такое адбылося апошні раз у 1996 годзе. За забойства шасцігадовай дзяўчынкі быў расстраляны невінаваты. Асудзілі і расстралялі беспрацоўнага з Воршы, а маньяк застаўся на волі і працягнуў забіваць”.
Сярод удзельнікаў дыскусіі былі настаўнікі, якія сказалі, што фільм пра гісторыю смяротнага пакарання варта паказваць у школах. Прысутныя медыкі адзначылі, што права на жыцё ёсць у кожнага чалавека і падчас рэанімацыйных дзеянняў чалавека ратуюць да апошняга – пакуль ёсць хаця бы малая надзея на выратаванне.