Брусэль: сайд-івэнт "Чаму ў Беларусі працягваюць ужываць смяротнае пакаранне?"
У межах 7-га Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання 28 лютага ў Брусэлі адбудзецца панэльная дыскусія "Чаму ў Беларусі працягваюць ужываць смяротнае пакаранне?".
У мерапрыемстве бяруць удзел праваабарончы цэнтр "Вясна" сумесна з ЕCPM (НДА "Разам супраць смяротнага пакарання"), FIDH (Міжнародная федэрацыя за правы чалавека) і Радай Еўропы, таксама прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі Беларусі.
Удзельнікі панэльнай дыскусіі:
Валянцін Стэфановіч, юрыст, Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, пакаранага ў 2012 годзе;
Таццяна Тэрмачыч, кіраўнік аддзела па каардынацыі і міжнародным супрацоўніцтве Генеральнага ўпраўлення па правах чалавека і вяршэнства права Савета Еўропы;
Андрэй Навумовіч, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, кіраўніка рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання;
Аляксандра Якавіцкая, дачка Генадзя Якавіцкага, пакаранага ў 2016 годзе;
Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Анаіс Марын, спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі;
Мадэратарам дыскусіі выступае Юлія Уанон, Міжнародная федэрацыя па правах чалавека (FIDH).
Пад час панэльнай дыскусіі будуць праілюстраваныя парушэнні, звязаныя з ужываннем смяротнага пакарання ў Беларусі з пункту гледжання сваякоў асуджаных да смяротнага пакарання, мясцовых актывістаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый.
Дакладчыкі таксама прадставяць ацэнку прагрэсу, дасягнутага беларускімі ўладамі на шляху да адмены смяротнай кары. Абмеркаванне будзе таксама прысвечана эфектыўнасці мер, якія прымаюцца Еўрапейскім Саюзам, Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый і Саветам Еўропы, накіраваных на стымуляванне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.
Нягледзячы на спробы праваабарончых арганізацый, а таксама мясцовых актывістаў дамагчыся адмены ці хаця б мараторыя на смяротнае пакаранне, у Беларусі кожны год караюць смерцю ад двух да чатырох чалавек.
Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе па-ранейшаму рэгулярна і ў рэжыме поўнай сакрэтнасці выконваюцца смяротныя прысуды.
Пачатак мерапрыемства ў 11-30 па брусельскім часе ў Аранжавай залі палаца Эгмонт.