Рада Еўропы зробіць прапанову Беларусі па пытанні адмены смяротнага пакарання
Генеральная дырэкцыя па правах чалавека і верхавенства права Рады Еўропы ў якасці магчымых наступных крокаў у працы з беларускімі ўладамі па пытанні адмены смяротнага пакарання прапануе глыбей даведацца вопыт і мадэлі Расіі і Грузіі — краін з агульнай спадчынай, а таксама Францыі. Пра гэта беларускім журналістам распавёў у Страсбургу каардынатар праектаў генеральнай дырэкцыі па правах чалавека і верхавенства права Сяргей Дзікман, перадае naviny.by.
“Для нас важная ўмова — каб у гэтых мерапрыемствах прымалі ўдзел супрацоўнікі беларускай пракуратуры і судоў, гэта значыць тыя людзі, якія запытваюць смяротнае пакаранне, выносяць гэтыя прысуды. Вялікіх надзей у нас няма на тое, што адразу ж смяротнае пакаранне ў Беларусі адменяць, але па меншай меры лепш рабіць нешта, чым нічога”, — заўважыў Дзікман.
Беларусь, нагадаў ён, адзіная ў Еўропе краіна, якая практыкуе смяротнае пакаранне. У Расеі рашэнне аб мараторыі на смяротнае пакаранне прыняў Канстытуцыйны суд. У Грузіі — парламент. У Францыі ў 1981 годзе смяротнае пакаранне адмяніла Міністэрства юстыцыі, і гэта пры тым, што грамадская думка на той момант была на баку смяротнага пакарання. Беларускія ўлады вядуць дыялог з Радай Еўропы па праблеме смяротнага пакарання. “Але пасланне беларускіх уладаў Савету Еўропы такое: пакуль не зменіцца грамадская думка, ніякіх зменаў не будзе. Мы не хочам нічога навязваць, але пазіцыя Савета Еўропы такая, што смяротнае пакаранне павінна быць адменена”, — сказаў каардынатар праектаў.
Ён звярнуў увагу, што дасылкі беларускіх уладаў да вынікаў рэферэндуму па праблеме смяротнага пакарання ў 1996 годзе не рэлевантныя. Таму што колькасць людзей, якія яшчэ не нарадзіліся ў 1996 годзе і якія наогул ніякага дачынення не маюць да рэферэндуму, павялічваецца з кожным годам.
Дзікман адзначыў, што заканадаўчая сістэма Беларусі дазваляе "прама цяпер адмяніць смяротнае пакаранне, ужо з заўтрашняга дня”, або ўвесці мараторый.
Рада Еўропы зацікаўленая, каб у дыялог па адмене смяротнага пакарання была ўцягнутая Адміністрацыя прэзідэнта. Каардынатар праектаў мяркуе, што адмена смяротнага пакарання ў Беларусі — гэта пытанне палітычнай волі.
Сяргей Дзікман лічыць важным узмоцненае супрацоўніцтва Рады Еўропы з Беларуссю за апошнія некалькі гадоў у галіне судовай рэформы. “Вярхоўны суд Беларусі вызначыў у якасці прыярытэтных такія напрамкі рэформаў, як медыяцыя, стварэнне адзінага працэсуальнага кодэкса, перадача санкцыянавання зняволення пад варту ад пракуратуры да судоў”, — патлумачыў каардынатар праектаў.
Пракурорскае санкцыянаванне арышту — гэта спадчына савецкай эпохі, Беларусь адзіная краіна на постсавецкай прасторы, у якой захавалася гэта практыка. Разам з тым, паводле словаў Дзікмана, з боку Вярхоўнага суда прынцыповае рашэнне адносна гэтай рэформы прынята. Рада Эўропы гатовая прапанаваць экспертную дапамогу.
Рада Еўропы актыўна прасоўвае ва ўсіх краінах-сябрах выкарыстанне альтэрнатыўных мер стрымання, не звязаных з заключэннем пад варту.
“Ужо цяпер у беларускім заканадаўстве няма нічога, што б перашкаджала суддзям больш актыўна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя меры стрымання, не звязаныя з заключэннем пад варту. Тым больш з'яўленне новых тэхналогій дазваляе адсочваць месцазнаходжанне падазраванага. Беларускія ўлады сігналізуюць нам пра тое, што гатовыя працягнуць дыялог у гэтым накірунку. Мы хочам паказаць, як паспяхова працуюць мадэлі ў розных краінах”, — пракаментаваў каардынатар праектаў.