Як берасцейцы абмяркоўвалі смяротнае пакаранне на "Мова Нанова"?
У Брэсце 27 траўня знакамітыя курсы па беларускай мове “Мова Нанова” правёў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.
“Атрымаў вельмі станоўчыя ўражанні, негледзячы на тое, што тэма смяротнага пакарання дастаткова складаная. Было заўважна, што людзі, якія прыйшлі на гэтае мерапрыемства былі вельмі зацікалеўны гэтай тэмай”, — дзеліцца эмоцыямі праваабаронца пасля мерапрыемства.
Арганізатары “Мова Нанова” зладзілі сустрэчу ў форме дыскусіі. Акрамя выступу праваабаронцы, праглядаў відэа на тэму смяротнага пакарання, загадзя былі падрыхтаваныя пытанні да слухачоў, напрыклад, да каго могуць прымяняць смяротнае пакаранне, з якога ўзросту, ці ведаюць яны выпадкі судовых памылак і іншыя. Берасцейцы вельмі ахвотна ўключыліся ў дыскусію.
“Для нас вельмі важныя такія сустрэчы ў офф-лайн рэжыме. Яны дазваляюць ужывую пачуць людзей, іх аргументы супраць смяротнага пакарання, а таксама контраргументы. Прысутныя актыўна падтрымалі дыскусію. Было шмат тых, хто яшчэ канчаткова не вызначыўся са сваёй пазіцыяй. Парадавала тое, што пасля сустрэчы некаторыя людзі засталіся і працягвалі абмяркоўваць пытанні, якія ўдзымаліся падчас мерапрыемства. А некаторыя адразу пасля дыскусіі далучыліся да нашай петыцыі”, — распавёў Андрэй Палуда.
Падчас мерапрыемства ў Брэсце быў прэзентаваны альбом “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання. 10 год змагання". Акрамя гэтага, прысутныя змаглі ўзяць іншую прадукцыю кампаніі: коміксы, налепкі, буклеты, блакноты.
Праваабаронца Андрэй Палуда адзначыў, што такія сустрэчы паказваюць, што людзям не хапае інфармацыі па гэтай тэме. Яны не ведаюць, дзе адшукаць яе, ці самі праходзяць міма яе, бо тэма складаная.
“Мова Нанова” ўздымае ўвесь час даволі актуальныя тэмы для беларускага грамадства. Смяротнае пакаранне – не выключэнне. Гэта вельмі важная медыйная тэма. І кампанія наша добра палягае ў кантэкст курса, бо мы яе вядзем у большасці сваёй на беларускай мове, і прадукцыя таксама на беларускай мове”.
ПАДПІСАЦЬ ПЕТЫЦЫЮ |