Пачаўся суд над падазраваным у забойстве жанчын у Прысушыне – яму пагражае расстрэл
У Віцебскім абласным судзе 24 чэрвеня пачалося слуханне крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да жыхара Віцебскага раёну Віктара Паўлава. Яго падазраюць у забойстве дзвюх пенсіянерак у вёсцы Прысушына Віцебскага раёну. Мужчыне пагражае смяротнае пакаранне.
Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", супраць 50-гадовага мужчыны выстаўленыя абвінавачванні па ч.3 арт.207 КК (Разбой) і ч.2 арт.139 (Забойства). Старшынюе на паседжанні суддзя Яўген Даўлюд.
Падсудны прызнаў сваю віну, але не згодны з абвінавачваннямі па арт. 207 і п.12 ч.2 арт.139 (забойства з карыслівых мэтаў). Патлумачыў у судзе, што не збіраўся пенсіянерак ані рабаваць, ані забіваць, а прыйшоў у госці з цалкам добрымі намерамі.
Адзначым, што Віктар Паўлаў быў раней асуджаны паводле таго ж самага артыкулу. За забойства мужчыны ён правёў за кратамі 10 гадоў, вызвалены ў 2015 годзе.
Трагедыя ў Прысушыне адбылася 30 снежня 2018 году. Паводле версіі следства, злачынца трапіў у дом жанчын з мэтай рабавання. Ён напаў на гаспадынь (сёстрам было 77 і 79 гадоў) і стаў іх збіваць драўлянай палкай. Ад атрыманых траўмаў яны памерлі.
Паводле інфармацыі, агучанай у судзе пракурорам, абвінавачаны забраў з дому пенсіянерак сумку, дзве бутэлькі віна, рукавіцы, флікер і каля 150 рублёў наяўных грошай. Кошт скрадзенага склаў каля 7-мі базавых велічынь.
Абвінавачаны патлумачыў, што з адной з забітых ён пазнаёміўся летам 2018 году, калі прыйшоў да яе, каб купіць бутэльку віна. Пазней не раз прыходзіў у той дом, каб рабіць працы па гаспадарцы. Бабулі давалі яму за працу 10-15 рублёў. Сталай жа працы мужчына не меў, перабіваўся невялікімі заробкамі.
Варта адзначыць, што праваабаронца Павал Левінаў накіраваў у траўні зварот да суддзяў судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду з просьбай не караць смерцю падазраванага ў забойстве дзвюх жанчын у Прысушыне.
“Памятайце, што смяротны вырак легалізуе інстытут легальных забойцаў, якія здзяйсняюць наўмыснае забойства”, – папярэджваў праваабаронца суддзяў.