Праваабаронца: Дзяржава ня мае маральнага права забіваць людзей

Леанід Свецік. Фота: budzma.by
Леанід Свецік. Фота: budzma.by

Віцебскі абласны суд 30 ліпеня 2019 года вынес смяротны прысуд  мясцоваму жыхару, 50-ці гадоваму Віктару Паўлаву, якога абвінавацілі ў забойстве дзьвюх пенсіянерак.

Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік лічыць, што хоць следства, пракуратура і суд дзейнічалі ў рамках дзеючага ў Беларусі заканадаўства, але дзяржава ня мае маральнага права забіваць людзей.

“Шкада, што ў сценах Віцебскага абласнога суду быў вынесены смяротны прысуд, - распавёў праваабаронца “Віцебскай Вясне” . Асуджаны Віктар Паўлаў прызнаўся ў здзейсненым, пракурор палічыў што яго датычнасць да злачынства даказаная следствам, суддзя пагадзіўся з меркаваннем пракурора і прысудзіў падсуднага да найвышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Пагаджуся, што службовыя асобы следства, пракуратуры і суду дзейнічалі ў рамках дзейнага ў Беларусі заканадаўства. Але як праваабаронца лічу, што дзяржава ня мае маральнага права забіваць людзей. Нават тых, хто здзейсніў такія жудасныя злачынствы. Таму што права на жыццё – неад’емнае ад чалавека”, – сказаў Леанід Свецік.  

“Дзяржава, якая лічыць сябе цывілізаванай, не павінна прымяняць смяротнае пакаранне”, – дадаў праваабаронца.

Віктар Паўлаў. Фота:
Віктар Паўлаў. Фота: "Віцебская Вясна".

За што прысудзілі да расстрэлу Паўлава?  

30 снежня 2018 году жыхар вёскі Слабада Віцебскага раёну Віктар Паўлаў прыйшоў у дом да сясцёр Вараненка і Кандраценкавай у вёсцы Прысушына Віцебскага раёна, каб набыць віно. У выніку спантаннай спрэчкі мужчына нанёс Вараненка ня менш за 9 ўдараў драўлянай палкай па галаве, а затым Кандраценкавай – ня менш за 5 удараў, што і стала прычынай іх смерці.

Учыніўшы крадзеж 139 рублёў (па версіі следства), дзьвух бутэлек віна і пакету з рэчамі забітых, мужчына зачыніў дом на замок і сышоў з месца злачынства. Целы забітых былі знойдзеныя 3 студзеня. Віктара Паўлава затрымалі, ён прызнаўся ва ўчыненым забойстве.

У 2005 годзе Віктар Паўлаў ужо быў асуджаны на 10 гадоў зняволення за забойства мужчыны.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны