Аляксей Харкевіч: Для мяне пытанне аб мэтазгоднасці смяротнага пакарання не стаіць у прынцыпе
Вядомы гомельскі эканаміст Аляксей Харкевіч распавёў на сайце “Гомельскай вясны” пра сваё стаўленне да смяротнага пакарання ў Беларусі.
- Для мяне пытанне аб мэтазгоднасці смяротнага пакарання не стаіць у прынцыпе. Я не ведаю ніводнага пераканаўчага доваду ў карысць яго прымянення. Многія лічаць, што смяротнае пакаранне - найбольш справядлівае пакаранне для забойцаў. Вока за вока, так бы мовіць. Мала хто ведае, але згодна з дзеючым Крымінальным Кодэксам забойца, які актыўна супрацоўнічае са следствам, можа быць прысуджаны да пажыццёвага пазбаўлення волі на падставе пагаднення з абвінавачваннем. Больш за тое, гэты асуджаны праз 20 гадоў, пры адпаведных паводзінах, ўзросту або стане здароўя можа прэтэндаваць на вызваленне на працягу наступных пяці гадоў. Гэта значыць, па сутнасці, жыццё чалавека і патэнцыйная магчымасць яго выхаду на волю з'яўляецца прадметам здзелкі паміж следчым і абвінавачаным.
- Я не бачу ў гэтым працэсе справядлівасці для пацярпелых і грамадства ў цэлым. Многія прыводзяць эканамічныя доказы немэтазгоднасці ўтрымання забойцаў за дзяржаўны рахунак. Мне яны таксама здаюцца непераканаўчымі. У сучаснай Беларусі чалавек не можа існаваць ізалявана ад грамадства. А гэта значыць, што ўскосная віна на учыненых злачынствах ляжыць і на іншых членах грамадства. У такой сітуацыі пытацца: "Чаму мы павінны яго карміць за свой рахунак» некарэктна. Разам з тым існуе мноства агульнавядомых довадаў на карысць адмены смяротнай кары. Не буду іх пералічваць.
- Проста рэкамендую ўсім прыхільнікам смяротнага пакарання азнаёміцца са справай «віцебскага душыцеля», па якому было асуджана 14 (!) невінаватых. У тым ліку адзін - расстраляны. Адказнасць за гэта пазней была ўскладзена на следчых. Тых следчых, якія сёння надзелены паўнамоцтвамі заключаць з абвінавачанымі здзелкі коштам у чалавечае жыццё.