Еўрасаюз і Савет Еўропы зноў заклікалі Беларусь адмяніць смяротнае пакаранне

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні і генеральнага сакратара Савета Еўропы Марыі Пейчыновіч-Бурыч, пішуць naviny.by.

Заява зробленая з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які будзе адзначацца 10 кастрычніка.

У заяве падкрэсліваецца, што ўжо 142 краіны, якія прадстаўляюць 74% дзяржаў-членаў ААН, спынілі ўжыванне смяротнага пакарання, альбо выключыўшы яе са свайго крымінальнага заканадаўства, альбо не ужываючы гэтую меру пакарання на працягу доўгага часу.

«Тэндэнцыя да адмены смяротнай кары працягваецца, колькасць смяротных прысудаў і пакаранняў смерцю таксама падае. У 2018 годзе пакаранні былі праведзеныя ў 20 краінах - гэта 10% ад усяго ліку краінаў свету, што складае гістарычны мінімум», - адзначаецца ў заяве.

ЕС і Савет Еўропы рашуча выступаюць супраць смяротнага пакарання заўсёды і пры любых абставінах.

«Еўрапейскі саюз і Савет Еўропы зноў заклікаюць Беларусь адмяніць смяротнае пакаранне і далучыцца да супольнасці нацый, якія вырашылі замяніць помсту чалавечай годнасцю», - гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, Беларусь - адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць ужываць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 чалавек.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны