Віцебск: праваабаронца раздаў суддзям майкі з надпісам “Правасуддзе без забойства”
Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў перадаў усім суддзям судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага аблсуду 14 маек з надпісам “Правасуддзе без забойства”. Такім чынам ён нагадаў суддзям пра Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца сёння – 10 кастрычніка.
Па інфармацыі "Віцебскай вясны", праваабаронца перадаў майкі з надпісамі “Правасуддзе без забойства” і “Скажы НЕ смяротнаму пакаранню” супрацоўніцы судовай канцылярыі. Да стосу маек далучыў пісьмовы зварот, у якім тлумачыць суддзям, чаму выносіць смяротныя прысуды ў XXI стагоддзі – ганебная справа.
Павел Левінаў паведаміў, што зладзіў гэтую акцыю ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.
“Я вяду пастаянную працу з суддзямі абласнога суду, якія надзеленыя правам выносіць смяротныя прысуды. На вялікі жаль, яны выносілі смяротныя выракі і ў 2018-м, і ў 2019 гадах. І мяне, як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, як жыхара Віцебскай вобласці і як праваабаронцу, гэта вельмі абурае. Таму што судовая ўлада Беларусі фактычна ўзаконьвае інстытут легальных забойцаў. І гэта ў XXI стагоддзі ў краіне, якая лічыць сябе цэнтрам Еўропы. Гэтак ня мае быць!” – запэўнівае Павал Левінаў.
Праваабаронца паведаміў, што майкі атрымае кожны суддзя судовай калегіі па крымінальных справах, а іх у Віцебскім абласным судзе 14. Прызнаўся, што стараўся падабраць кожнаму па памеры.
“Вельмі спадзяюся, што кожны суддзя, надзеўшы саколку, задумаецца, а ці гэта нармальна – забіваць людзей ад імя дзяржавы”, – падсумаваў Левінаў.