Смяротнаму пакаранню не месца ў Еўропе!
Амбасадары еўрапейскіх краін і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу выказваюцца ў падтрымку ўвядзення мараторыя супраць смяротнага пакарання і далучаюцца да кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.
Супрацоўнікі амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі ў цішотках з лагатыпамі кампаніі зладзілі флэшмоб на ганках амбасады. А амбасадарка Жаклін Перкінс у відэазвароце заклікала ўлады Беларусі прыняць палітычнае рашэнне аб адмене смяротнага пакарання.
Амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан таксама выказалася ў падтрымку мараторыя супраць смяротнага пакарання і распавяла пра практыку Швецыі ў вырашэнні гэтага пытання.
“Мы заўсёды будзем лічыць, што смяротнае пакаранне рызыкуе зрабіць наша грамадства больш жорсткім. Гэта негуманная, бесчалавечая мера пакарання, якой няма месца ў сучаснай прававой практыцы.
Дэбаты супраць смяротнага пакарання ў Швецыі вяліся яшчэ ў сярэдзіне 19 века, адразу пасля ўвядзення прынцыпу гуманізма. Наша краіна адмяніла смяротнае пакаранне ў мірны час у 1921 годзе. Апошні чалавек быў пакараны смерцю ў 1910 годзе”, – распавяла яна.
Крысціна Юханэсан падкрэсліла, што Швецыя заўсёды актыўна выступала за правы чалавека, як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў іншых краінах. І яны гатовыя і надалей далучацца да розных беларускіх акцый у абарону правоў чалавека.
Амбасадар Рэспублікі Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэс выказаўся пра смяротнае пакаранне падчас фестываля "Рок за жыццё". Ён пералічыў некаторыя аргументы супраць смяротнай кары і распавёў, як і калі яна была адмененая ў Францыі. Выказаў салідарнасць праваабаронцам, якія выступаюць за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі, намеснік амбасадара Чэшскай Рэспублікі Павел Бучак.
Амбасадар Швейцарскай канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Клод Альтэрмат падчас візіта на фестываль "Рок за жыццё" таксама выказаўся ў падтрымку кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання".
#We4Life2019: Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання. Фотарэпартаж