Мінск – Мазыр: кінапраглядамі скончыўся Тыдзень супраць смяротнага пакарання

Андрэй Палуда на фоне афішы фільма "Свабодныя людзі"
Андрэй Палуда на фоне афішы фільма "Свабодныя людзі"

У Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання ў Мінску адбыўся кінапрагляд фільма “Свабодныя людзі”, арганізаваны ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання Амбасадай Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Паказ сабраў амаль поўную залю кінатэатра “Піянер”. Сярод прысутных былі каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, паэт Андрэй Хадановіч, актывістка кампаніі Паліна Сцепаненка, прадстаўнікі амбасадаў Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Вялікабрытаніі і іншых краінаў.

freemen4.jpg
Паліна Сцепаненка, Андрэй Палуда, Алесь Бяляцкі, Наталля Сацункевіч на кінапраглядзе ў Мінску

Перад праглядам слова ўзяў амбасадар Швейцарскай канфедэрацыі Клод Альтэрмат, у якім адзначыў, што ўсеагульная адмена смяротнага з’яўляецца адным з прыярытэтаў знешней палітыкі Швейцарыі і адной з умоваў сяброўства ў арганізацыі Савета Еўропы.

klod_altermat.jpg
Амбасадар Швейцарскай канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Клод Альтэрмат

“Швейцарыя выказвае сваю глубокую заклапочаннасць ў сувязі з тым, што Беларусь працягвае ажыццяўляць пакаранні смерцю, апошняе з якіх адбылося некалькі месяцаў таму – у чэрвені. Цвердая пазіцыя Швейцарыі ў гэтым пытанні відавочна: у ХХІ стагоддзі больш няма месца смяротнаму пакаранню”, - сказаў Клод Альтэрмат.

У дакументальным фільме “Свабодныя людзі” (Free Men) швейцарскай рэжысёркі Ан-Фрэдэрык Відман распавядаецца пра лёс цёмнаскурага амерыканца Кенэта Рымса, што больш за 20 год знаходзіцца ў адзіночнай камеры смяротнікаў у Арканзасе (ЗША) за забойства, якое ён не здзяйсняў. Увесь гэты час мужчына не губляе надзею, прысвячае сябе мастацкай творчасці, стварае некамерцыйную арганізацыю “Хто вырашае?”  і нават знаходзіць каханне.

kenet_ryms_.jpg
Кенэт Рымс са сваёй каханай Ізабэлай ажаніліся ў турме Арканзаса (ЗША)

Родныя і блізкія людзі дапамагаюць Кенэту Рымсу змагацца за права на перагляд ягонай справы і вызваленню яго з турмы. Некалькі сумесных выстаў Кенэта Рымса і яго каханай Ізабэлы праходзяць у ЗША і Еўропе…

Пасля кінапрагляда адбылася невялікая дыскусія з удзелам Андрэя Палуды, Алеся Бяляцкага, Андрэя Хадановіча. Мадэратарам выступіла Паліна Сцепаненка.

Так Андрэй Палуда распавёў пра тую сітуацыю са смяротным пакараннем, у якой знаходзіцца Беларусь ад пачатку сваёй незалежнасці: больш за 400 растраляных, прычыненне пакутаў родным асужданых праз непаведамленне даты растрэлу і месца пахавання. А таксама пра дзейнасць праваабаронцаў у барацьбе супраць гэтага віда пакарання і пра тыя мерапрыемствы, якія праводзіліся ў межах Тыдня.

freemen2.jpg
Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда

“Мы працуем з гэтай праблемай і намагаемся шырока пра гэтую праблему казаць, у першую чаргу ў нашай краіне. І мы спадзяемся, што Рэспубліка Беларусь у хуткім часе будзе свабоднай ад такого жорсткага віда пакарання. І тады мы зможам з упэўненасцю казаць, што ўся Еўропа стане вольнай ад смяротнага пакарання”, - падкрэсліў Андрэй Палуда.

Алесь Бяляцкі распавёў пра выпадак, які адбыўся ў 2010 годзе, калі праваабаронцам стала вядома пра растрэл двух асуджаных - Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука, што выклікала ў іх пэўнае абурэнне. Тады праваабронцы хутка зрабілі расцяжку “Не смяротнаму пакаранню” і сталі з ёй якраз недалёка ад кінатэатра “Піянер”. Прастаялі яны недоўга – каля 5-7 хвілін, пасля чаго праваабаронцаў затрымаў АМАП.

freemen3.jpg
Алесь Бяляцкі і Андрэй Хадановіч падчас дыскусіі

Таксама старшыня “Вясны” падзяліўся, як сам знаходзіўся на валадарцы і яму іншыя арыштанты паказвалі на дзверы, што вядуць у “расстрэльны калідор”, дзе сядзяць смяротнікі. Вельмі лёгка можна ўзнавіць сітуацыю, у якой знаходзяцца гэтыя людзі, калі пачытаць кнігу былога начальніка СІЗА Алега Алкаева.

“Самае страшнае пачынаецца ноччу, калі прывучанае вуха да любога гуку чуе крокі. А любы крок ноччу можа азначаць, што чалавека вядуць на расстрэл. У нас не паведамляюць пра час расстрэла, і крокі нечаканых людзей для зняволеных з’яўляецца вельмі сур’ёзным псіхалагічным выпрабаваннем”, - адзначыў Алесь Бяляцкі.

Гледачы задавалі свае пытанні. Адна жанчына напрыканцы дыскусіі распавяла гісторыю з уласнага досведу: па гучнай справе Міхасевіча быў арыштаваны бацька яе аднакласніцы і асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі толькі за тое, што ў яго была чырвоная машына і ён быў знаёмы з адной са зніклых жанчын. Праз сем гадоў, калі быў затрыманы сапраўдны забойца, мужчыну адпусцілі, але лёс яго было ўжо зламаным, і праз некаторы час ён скончыў жыццё самагубствам.

Андрэй Палуда закрыў сёмы Тыдзень супраць смяротнага пакарання, сказаўшы: 

“Мы завяршаем Тыдзень супраць смяротнага пакарання, але не спыняем наша змаганне!”


“Курумім” – гісторыя бразільскага смяротніка ў інданезійскай турме

Дыскусія пасля прагляду фільма
Дыскусія пасля прагляду фільма "Курумім"

У гэтым годзе Тыдзень супраць смяротнага пакарання не абышоў і Мазыр. Там у прасторы “Першы крок” адбыўся прагляд дакументальнага фільма “Курумім”, арганізаваны Watch Docs Belarus у межах Тыдня.

Наталля Трэніна (Watch Docs Belarus) прадстаўляе фільм
Наталля Трэніна (Watch Docs Belarus) прадстаўляе фільм "Курумім"

У фільме распавядаецца пра тое, як асуджаныя да смяротнага пакарання чакаюць выканання прысуду ў інданезійскай турме. У ім можна ўбачыць турэмны побыт, карупцыю судовай сістэмы. А найперш погляд на жыццё чалавека – Куруміма, які чакая смяротнага пакарання 10 гадоў і да апошняга спадзяецца, што прысуд перагледзяць. 

Пасля прагляда фільма праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч распавёў гледачам пра спецыфіку смяротнага пакарання ў Беларусі: пра “расстрэльныя” артыкулы, парадак вынясення смяротных прысудаў, жыццё асуджаных у камеры смяротнікаў і пра тое, як адбываецца пакаранне смерцю. 

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Таксама праваабаронца прывёў асноўныя аргументы “за” і “супраць” смяротнага пакарання. Валянцін Стэфановіч зрабіў акцэнт на такім аргуменце, як “судовая памылка”, які пацвердзіў гісторыямі памылкова асуджаных і памылкова расстраляных людзей. 

Праваабаронца Уладзімір Целяпун
Праваабаронца Уладзімір Целяпун

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны