Чорны пясочак

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

У межах 40-га кангрэса FIDH, які адбываўся ў г. Тайпэй (Тайвань), праваабаронца Валянцін Стэфановіч наведаў пенітэнцыярную ўстанову, дзе прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды. Пра гэта ён дзеліцца ў сваім блогу.


Тайпэй – дзіўная, экзатычная сталіца, не меньш дзіўнай і экзатычнай дзяржавы Тайвань. 

Галоўны горад не камуністычнага Кітая ўражвае сваёй чысцінёй нават меня, жыхара горада, адным з турыстычных брэндаў якога з’яўляецца тая самая чысціня і парадак. У Тайвані ёсць і чысціня, і парадак, а яшчэ ў дадатак да гэтага – шматпартыйная сістэма, дэмакратычныя выбары і грамадзянскія свабоды. Тое, чаго так не стае Кітаю камуністычна-кантынентальнаму.

Аднак ёсць адна рэч, якая псуе ўсю гэтую амаль ідылічную карціну – выкарыстанне на практыцы смяротнага пакарання. 

У межах 40-га кангрэса FIDH, які адбываўся з 20 па 25 кастрычніка ў г. Тайпэй, невялікая дэлегацыя з чатырох праваабаронцаў наведала мясцовы следчы ізалятар. У склад гэтай дэлегацыі ўваходзіў і я.

Следчы ізалятар уяўляе некалькі карпусоў, акружаных мурам. Калісьці гэта быў ускраек гораду, а зараз над ізалятарам узвышаюцца сучасныя шматпавярховікі. Даволі прыязныя прадстаўнікі адміністрацыі правялі нас па карпусах. Паўсюль было ціха і чыста. Акрамя асуджаных на тэрміны да трох гадоў пазбаўлення волі, тут утрымліваюцца яшчэ і 22 чалавекі, прыгавораных да смяротнага пакарання.

Нас завялі ў пакой для спатканняў, куды неўзабаве прывялі асуджанага да смяротнага пакарання - 60-ці гадовага вязня па імені Чао-Хо Шун (蔡英文). Невялікага росту, апрануты ў сінюю робу і шорты, ён быў вельмі рады нас бачыць. За 31 год ягонага знаходжання ў камеры смяротнікаў паспелі адысці на той свет ягоныя блізкія сваякі, і толькі мясцовыя праваабаронцы працягваюць наведваць яго. Яны не вераць у ягоную вінаватасць у забойстве паліцэйскага. Яны працягваюць змагацца за ягонае жыццё і вызваленне. Калісьці гісторыю Чао-Хо Шуна праваабаронцам распавеў яшчэ адзін былы вязень камеры смяротнікаў Хсу-Тсу-Чанг (徐自強). Ён таксама быў прыгавораны да смяротнага пакарання ў 1996 годзе і пасля 16 гадоў, праведзеных у чаканні смерці, быў апраўданы і вызвалены. Цяпер ён актыўны абаліцыяніст – змагар супраць смяротнага пакарання. Удзельнікі кангрэсу FIDH стоячы віталі гэтага мужнага чалавека. Менавіта ён і распавёў праваабаронцам пра свайго сукамерніка Чао-Хо Шуна, за перагляд справы якога змагаюцца зараз тайваньскія і не толькі праваабаронцы.

"Гэта самае цяжкае – штодзённае чаканне смерці", – кажа нам Чао-Хо Шун.

Кожны дзень з раніцы ён пачынае свой дзень з таго, што апранае новы строй. На ўсялякі выпадак, каб паводле будысцкай традыцыі адправіцца ў іншы свет у новым адзенні.

Сустрэча скончылася, Чао-Хо Шуна вывелі з пакою, наша дэлегацыя пайшла шляхам, якія праходзяць усе прыгавораныя да смерці ў гэтай турме. Для іх гэты шлях апошні.

Памяшканне для выканання смяротных прысудаў уяўляе асобны стаячы барак. Перад уваходам статуя Будды, перад якой асуджаны можа яшчэ раз памаліцца. "А таксама і той, хто будзе караць", – з сумам дадаюць супрацоўнікі турмы.

Асуджаны даведваецца пра пакаранне за некалькі гадзінаў да яе выканання. Паводле мясцовай працэдуры яму даецца магчымасць напісаць апошні ліст сваякам, з’есці апошні ў жыцці абед з рысу, выпаліць цыгарэту і выпіць шклянку мясцовага лікёру. Затым лекар робіць асуджанам ін’екцыю з моцнадзеючым снатворным. Калі чалавек засынае і губляе прытомнасць, яго кладуць на падлогу, доктар робіць адзнаку маркерам у месцы, дзе знаходзіцца сэрца. Кат страляе з пісталета ў зроблены доктарам значок.

Месца пакарання вельмі практычна высыпанае чорным пясочкам.

Пасля “эксурсіі” мы яшчэ доўга маўчым і не размаўляем паміж сабой.

"Вы шакаваныя?" – запытваецца ў мяне паліцыянт.

"Так, я ніколі не быў у такіх месцах, хаця мы ўжо шмат гадоў працуем са смяротнікамі", – адказваю я.

Паліцыянты таксама выглядаюць вельмі сумнымі, бачна, што такая “праца” не з’яўляецца для іх лёгкай.

Сутнасць смяротнага пакарання – яна адналолькавая паўсюль. Спосабы і працэдуры могуць адрознівацца, але вынік застаецца адзін – забойства чалавека.

І гэтым забойствам ад імя дзяржавы не павінна быць месца ў XXI стагодзі: ні ў Тайвані, ні ў Беларусі, нідзе.

На кангрэсе FIDH прынялі рэзалюцыя па смяротным пакаранні ў Рэспубліцы Беларусь

На 40-ым кангрэсе FIDH, які праходзіць на Тайване, была прынятая рэзалюцыя па смяротным пакаранні ў Рэспубліцы Беларусь. Яе прадставіў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны