"Віця хоча, каб усё хутчэй вырашылася"
"Новы Час" і аўтарка Вераніка Уласевіч працягваюць цыкл матэрыялаў пра жанчын, чые родныя былі прысуджаныя да расстрэлу.
Званок следчага заспеў Раісу Анатольеўну на працы. З сумбурнай гутаркі жанчына зразумела толькі адно: яе брата забралі ў міліцыю. На пытанне: «За крадзеж?» супрацоўнік органаў адказаў коратка: «Горш», — і адразу адключыўся.
Праз два дні ёй сказалі, што брата абвінавачваюць у падвойным забойстве пенсіянерак. У свой час, Віця адсядзеў дзевяць гадоў за забойства. Сястра асуджанага да смяротнага пакарання спадзяецца на цуд: перагляд справы, замену расстрэлу турэмным зняволеннем і магчымасць калі-небудзь пахаваць брата па-чалавечы.
Раіса Паўлава сустракае нас у кампактнай віцебскай аднапакаёўцы і заклікае размяшчацца ямчэй. Кажа, што нас ніхто не патрывожыць, бо муж яе памёр год таму ад сардэчнага прыступу, а адзіны сын жыве ў Расіі і дома бывае рэдка. Пра малодшага на шэсць гадоў брата Віцю яна ўспамінае з усмешкай.
— У дзяцінстве бацька мяне цяжка караў, Віце шанцавала больш. Тата ў нас быў вельмі строгі, — успамінае Раіса Анатольеўна. — Мама баялася, таму не ўмешвалася ў выхаваўчы працэс.
З жонкай у Віктара было трое дзяцей. Але жыццё не склалася — і праз дзесяць гадоў шлюбу жанчына з дзецьмі сышла да іншага.
— Брат цяжка перажываў разрыў. З дзецьмі ён працягваў бачыцца. Цяпер яны ўжо павырасталі, і ў іх ёсць свае дзеці, — працягвае Раіса Анатольеўна.
Па словах сястры, пасля разводу Віця злёгку памяняўся. Ён стаў больш закрытым у зносінах, затое працягваў шмат працаваць «на шабашках»: адны папросяць яго бульбу выкапаць, другія — поле абагнаць, трэція — дроў насячы. Гэтым і жыў, а астатні час выдаткоўваў на хатнія справы. Часам да яго дадому сталі заходзіць таварышы, каб разам распіць бутэльку. Раіса Анатольеўна на той момант ужо жыла ў Віцебску, з братам камунікавала з большага па тэлефоне.
Чарговая «шабашка» скончылася для Віктара самым сумным чынам. У знаёмай пенсіянеркі ён дарабляў лазню. Фізічнай працай ён не грэбаваў, хоць і вельмі слабы на спіну: пасля таго, як яго аднойчы збіла машына, адна нага да канца не аднавілася, а боль ад яе перадаўся ў спіну. Калі Віця прыйшоў за аплатай, ён не толькі не атрымаў грошай за сваю працу, але яшчэ і выслухаў абразы.
Праз некалькі дзён знайшлі целы двух збітых да смерці пенсіянерак — гаспадыні дома, дзе падпрацоўваў Віця, і яе сястры. Забойства адбылося напярэдадні Новага года.
— Ён узяў на сябе віну адразу, калі даваў паказанні. Аднойчы быў выпадак, калі яго абвінавацілі ў крадзяжы шасці мяшкоў бульбы, і ён прызнаў віну, а потым знайшоўся сапраўдны злодзей. Так што ў гэтай справе можа быць тое ж самае. Пад ціскам ён прызнае ўсё, чаго нават не было... Разумееце, вераемнасць судовай памылкі таксама ніхто не адмяняў, нават у незалежнай Беларусі вядома некалькі такіх выпадкаў.
— Шчыра прызнацца, я і думала, што яму дадуць альбо пажыццёвае зняволенне, альбо расстрэл. Але з роднай вёскі пра яго ў судзе ніхто дрэннага слова не сказаў. І зараз я спакойна магу зайсці ў любую хату ў Слабадзе, усе падтрымліваюць, пытаюцца пра Віцю. Я за гэта вельмі ўдзячна землякам. Буду змагацца за яго жыццё да канца: планую звяртацца ў Камітэт па правах ААН. Аднак ці ёсць сэнс у гэтым — пытанне іншае.
Пасля затрымання Раіса Анатольеўна бачыла брата толькі раз. Пра сябе ён падчас сустрэчы не казаў наогул, толькі пытаўся пра здароўе сваякоў і цікавіўся ўраджаем. Вонкава пастарэў. Ярка-аранжавая форма асуджанага так і рэзала ёй вочы. Дзеці на спатканне не прыходзілі і не пішуць яму.
Кожны месяц Раіса Анатольеўна імкнецца сабраць для брата перадачу, хоць зарабляе па цяперашніх мерках капейкі. Яна абавязкова купляе для брата вялікі часопіс з красвордамі і газеты. У апошнім лісце Віця папрасіў не класці яму каўбас, а лепш пабольш гародніны і садавіны. Сястра турбуецца, што ў брата няма зубоў, яму цяжка грызці яблыкі і агуркі.
— Віця хоча, каб усё хутчэй вырашылася. Гэта эмацыйна цяжка — сядзець у камеры аднаму. А тут, за ім у любы момант могуць прыйсці і забраць назаўсёды. Разумееце, я нават яго цела не змагу ўбачыць і пахаваць па-чалавечы. А гэта сапраўднае катаванне для мене — ён жа мне не чужы чалавек. Спадзяюся, што прысуд ўдасца абскардзіць і змяніць хаця б на пажыццёвае зняволенне. Можа, з цягам часу закон зменіцца на менш жорсткі. Разумею, што брату ад гэтага лягчэй не стане, затое яго жыццё працягнецца…
Фота: Дзяніс Малышыц, тэкст: Вераніка Уласевіч