Cмаляны далучыліся да акцыі «Гарады за жыццё»
Беларускія грамадскія дзеячы і праваабаронцы правялі акцыю «Гарады за жыццё». Яны падсвяцілі знічамі помнік архітэктуры – Дамініканскі касцёл у мястэчку Смаляны пад Воршай. Пра гэта паведамляе Радыё Рацыя.
Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне, аднак ёсць надзея, што яно будзе скасаванае.
Пра акцыю распавяла праваабаронца Паліна Сцепаненка:
– Трыццатага лістапада ў Еўропе адзначаецца дзень “Гарады за жыццё”. Менавіта ў гэты дзень у 1786 годзе ў графстве Таскана ўпершыню ў Еўропе было адмененае смяротнае пакаранне. У краінах Еўропы, дзе смяротнае пакаранне не існуе, у гонар гэтага дня падсвечваюцца ілюмінацыяй вядомыя помнікі архітэктуры. Мы таксама адзначаем гэты дзень, падсвечваем наш помнік архітэктуры – Дамініканскі касцёл, які знаходзіцца ў занядбаным стане, на знак таго, што ў нашай краіне таксама адменіцца смяротнае пакаранне.
Акцыя прайшла і ў іншых еўрапейскіх рэгіёнах. Беларускія праваабаронцы ўпэўненыя, што наяўнасць смяротнага пакарання тармозіць дэмакратычныя працэсы ў краіне.
“Гарады за жыццё – гарады супраць смяротнага пакарання” — міжнародная акцыя супраць смяротнага пакарання, якую распачала ў Рыме каталіцкая "Супольнасць Святога Эгідзія" 30 лістапада 2002 года. У Беларусі акцыя адбываецца з 2010 года, яе ініцыявалі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".