ЕС, Савет Еўропы і ПАСЕ заклікаюць да ўвядзення мараторыя ў адказ на чарговы расстрэл ў Беларусі

Ілюстрацыя з сайту Савету Еўропы
Ілюстрацыя з сайту Савету Еўропы

Прадстаўнікі Еўрасаюза, Савета Еўропы і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы зноў заклікалі беларускія ўлады ўвесці мараторый на расстрэлы ў Беларусі. Заявы былі распаўсюджаныя ў адказ на паведамленне аб прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні Аляксандра Асіповіча.

Асіповіч, які быў асуджаны да смяротнага пакарання па абвінавачванні ў двайным забойстве, быў расстраляны 17 снежня.

Еўрапейскія органы заявілі, што смяротнае пакаранне “парушае неад’емнае права на жыццё, закладзенае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і з'яўляецца непапраўным жорсткім, бесчалавечным і прыніжаючым годнасць пакараннем”.

“Вышэйшая мера пакарання таксама не дзейнічае як сродак стрымлівання злачынстваў”,заявіў прэс-сакратар Еўрапейскага Саюза.

“Мы шкадуем з нагоды чарговага расстрэлу ў Беларусі. Мы заклікаем Беларусь адмяніць смяротнае пакаранне альбо прынамсі ўвесці мараторый. Смерць — гэта не справядлівасць”,напісаў 19 снежня прадстаўнік Савета Еўропы Даніэль Хольтген.

Генеральны дакладчык ПАСЕ па адмене смяротнага пакарання Цітус Карлацян выказваў шкадаванне з нагоды расстрэлу.

“Абсалютна ясна, што адносіны з Саветам Еўропы не могуць паляпшацца, пакуль не спыняюцца расстрэлы. Я яшчэ раз заклікаю ўрад абвясціць неадкладны мараторый як першы крок да адмены”,заявіў ён.

Нежаданне Беларусі адмаўляцца ад расстрэлаў адзначаецца ў новым дакладзе АБСЕ пра смяротнае пакаранне ў 2019 годзе.

У дакладзе падкрэсліваецца, што чыноўнікі ў Беларусі па-ранейшаму спасылаюцца на грамадскую думку ў якасці аргумента за захаванне смяротнага пакарання. Пры гэтым, грамадскае абмеркаванне праблемы ў Беларусі абмежаванае, што звязана, на думку АБСЕ, з відавочным недахопам інфармацыі пра прымяненне смяротнага пакарання, “паколькі яно практычна адсутнічае ў дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ”.

Афіцыйная пазіцыя Беларусі заключаецца ў тым, што краіна не адменіць смяротнае пакаранне, пакуль большасць насельніцтва не падтрымае гэты крок. Такія заявы супярэчаць ​​відавочнаму нежаданню ўладаў вывучаць грамадскую думку пасля рэферэндуму 1996 года. Як міжнародныя эксперты, так і мясцовыя праваабаронцы сцвярджаюць, што менавіта ўлады павінны ініцыяваць абмеркаванне праблемы, накіраванае на змену ўспрымання смяротнага пакарання.

“Беларусь і ЗША па-ранейшаму застаюцца адзінымі дзяржавамі, якія захоўваюць смяротнае пакаранне ў рэгіёне АБСЕ, прымяняючы яго як у законе, так і на практыцы”, — гаворыцца ў дакладзе.

Перашкоды ў атрыманні інфармацыі пра смяротнае пакаранне ў Беларусі звязаныя з тым, што ўлады працягваюць разглядаць дадзеныя аб выкарыстанні смяротнага пакарання як “дзяржаўную таямніцу”. Акрамя таго, эфект, які гэтая недастатковая празрыстасць можа аказаць на сваякоў асобаў, прысуджаных да смерці, выклікае непажаданыя “боль і смутак”, адзначае АБСЕ.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны