Савет Еўропы ў чарговы раз заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне
Савет Еўропы ў чарговы раз заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне, паведамляе TUT.BY. Так афіцыйны прадстаўнік генсакратара Савета Еўропы Даніэль Хольтген адрэагаваў на рашэнне Магілёўскага абласнога суда прысудзіць да расстрэлу двух братоў Костевых за забойства настаўніцы.
– Два новыя смяротныя прысуды вынесеныя сёння. Смерць – не справядлівасць, і смяротнае пакаранне не стрымлівае злачыннасць. Мы заклікаем беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яе адмены, – напісаў у сябе ў Twitter Хольтген.
Нагадаем, 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллю Костевых Магілёўскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў забойстве настаўніцы і падпале яе дома. Па версіі дзяржабвінавачання, паміж братамі і іх былой настаўніцай быў канфлікт. Маладыя людзі прыйшлі да жанчыны, забілі яе, скралі ў яе камп'ютар і прадукты харчавання, а затым падпалілі дом ахвяры, каб схаваць сляды злачынства. Нож выкінулі ў раку Сож – яго пазней знайшлі.
Смяротнае пакаранне ў Беларусі
Беларусь застаецца адзінай у Еўропе і СНД дзяржавай, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. З 1990 года ў Беларусі былі расстраляныя больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. За ўвесь гэты час быў памілаваны толькі адзін чалавек.
У мінулым годзе быў расстраляны 44-гадовы Аляксандр Жыльнікаў, а з ім, верагодна, і 24-гадовы Вячаслаў Сухарко. Абодва былі асуджаныя за забойства трох чалавек, у тым ліку маладой пары ў Мінску. 17 снежня быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Асіповіча, які забіў двух дзяўчат у Бабруйску.
У 2019 года ў Беларусі вынеслі яшчэ два, акрамя ўжо пакаранага Асіповіча, смяротныя прысуды. 48-гадовы Віктар Сергель 25 кастрычніка быў асуджаны да выключнай меры пакарання за групавое забойства васьмімесячнай дзяўчынкі ў Лунінцы. Яго саўдзельніцу, маці дзяўчынкі, асудзілі да 25 гадоў пазбаўлення волі. Прысуд не з'яўляецца канчатковым і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе. 50-гадовы Віктар Паўлаў 30 ліпеня быў асуджаны да пакарання смерцю за забойства двух сясцёр 76 і 78 гадоў у вёсцы Прысушына Віцебскай вобласці. Пазней Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю і пакінуў у сіле смяротны прысуд асуджанаму.