"Стас зрывае турэмную робу, а яе прымусова апранаюць на яго"

Калаж spring96.org
Калаж spring96.org

Як паведаміла праваабаронцам "Вясны" сястра асуджаных да смяротнага пакарання 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых, адвакат Станіслава пасля сустрэчы з падабаронным распавяла пра ціск на яго. Браты Косцевы знаходзяцца зараз у магілёўскай турме №4.

Паводле інфармацыі адваката, Станіслаў адмаўляецца апранаць на сябе спецыяльную турэмную робу, на якой напісана «ИМН» — выключная мера пакарання. На практыцы ў Беларусі гэтую робу выдаюць прысуджаным да смяротнага пакарання яшчэ да таго, як прысуд уступіць у законную сілу.

«Стас зрывае турэмную робу, а яе прымусова апранаюць на яго. У яго рэальны стрэс з-за гэтага», — распавядае яго сястра Ганна.

Таксама начальнік магілёўскай турмы адмаўляецца прымаць заяву ў 19-гадовага Станіслава Косцева на спатканне са святаром.

«Не паложана і ўсё тут», — па словах Ганны так тлумачыць адмову начальнік турмы №4.

Акрамя таго, Станіслава цяпер утрымліваюць ў карцэры, месцы, дзе звычайна ўтрымліваюць асуджаных, на якіх накладзена дысцыплінарнае спагнанне.

Адвакат рыхтуе скаргу начальніку турмы і ў Дэпартамент выканання пакаранняў.

На думку каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэя Палуды, такія паводзіны адміністрацыі магілёўскай турмы ў пэўнай ступені можна расцэньваць як ціск на асуджаных.

Нагадаем, 10 студзеня на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве былі вынесеныя адразу два смяротных прысуды ў дачыненні да двух братоў 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых. Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседстве, і падпале яе дома. Прысуд аб прызначэнні вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, вынес суддзя Міхаіл Мельнікаў.

"Наша дзяржава не дае шанцу выправіцца": сястра асуджаных да смяротнага пакарання з Чэрыкава

"Вясноўцы" з'ездзілі ў Чэрыкаў і пагаварылі з сястрой асуджаных да смяротнага пакарання Ганнай. Як смяротны прысуд стаў прысудам для ўсёй сям'і — чытайце ў нашым рэпартажы.


"Пакараць нельга памілаваць", або Якія ёсць аргументы супраць смяротнага пакарання

У прававым лікбезе ад “Вясны” нагадваем пра аргументы супраць смяротнага пакарання.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны