Кіраўнік МЗС Швейцарыі асабіста папрасіў Лукашэнку адмяніць смяротнае пакаранне
Як паведамляюць naviny.by, кіраўнік швейцарскага МЗС Іньяцыа Касіс па выніках перамоваў 13 лютага ў Мінску заявіў, што асабіста папрасіў прэзідэнта Беларусі адмяніць смяротнае пакаранне.
"Мы разлічваем, што Беларусь будзе ісці па шляху дэмакратызацыі, захавання правоў чалавека. Хоць мы разумеем, што гэты шлях нялёгкі і досыць доўгі, – сказаў ён. – Мы лічым, што кірунак руху Беларусі правільны. Як любы дэмакратычны працэс, ён патрабуе часу і высілкаў. Швейцарыя гатовая са свайго боку аказаць неабходную падтрымку".
Касіс падкрэсліў, што Швейцарыя выступае супраць прымянення смяротнага пакарання (Беларусь – адзіная ў Еўропе краіна, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне).
"Гэта тая тэма, якую я ўздымаў у размове і са сваім калегам, і з прэзідэнтам Беларусі. Мы лічым важным крокам беларускага боку ў гэтым напрамку дзейнасць парламенцкай рабочай групы па пытанні адмены смяротнага пакарання", – сказаў кіраўнік МЗС Швейцарыі.