Дыскусія, лекцыя гісторыка і выставы пра смяротнае пакаранне. Вялікая імпрэза ў Гомелі
Кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" сумесна з кампаніяй "Забітыя і забытыя" запрашаюць 22 лютага на вялікую імпрэзу ў Гомелі, прысвечаную тэме смяротнага пакарання.
Што будзе адбывацца?
- Публічная лекцыя кандыдата гістарычных навук, археолага Міколы Крывальцэвіча "Курапаты: гістарычны кантэкст”. Мікола Крывальцэвіч – адзін з трох удзельнікаў (Зянон Пазьняк, Мікола Крывальцэвіч, Алег Іоў) археалагічнай экспертнай групы па эксгумацыі ў 1988 годзе пахаванняў і даследавання месца масавых расстрэлаў органамі НКУС у Курапатах. Аўтар навуковых і навукова-папулярных прац па выніках эксгумацыі магіл у Курапатах.
- Адкрыццё выставаў "Апошні кат Еўропы" і "Вышэйшая мера". “Апошні кат Еўропы” – серыя малюнкаў на тэму смяротнага пакарання сусветна вядомага мастака-рэпарцёра і ілюстратара Джорджа Батлера, які падарожнічаў па Беларусі з Amnesty International у 2018 годзе. Таксама наведвальнікі змогуць пабачыць фотапраект "Вышэйшая мера пакарання" беларускага фотажурналіста Сяргея Балая.
- Размова-дыскусію на тэму смяротнага пакарання з удзелам праваабаронцы “Вясны” Андрэя Палуды.
Дзе? Гомельскі грамадска-палітычны цэнтр “Палеская 52”.
Калі? 22 лютага (субота). Пачатак у 15:00
Уваход на мерапрыемства вольны.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96