Праваабаронца звярнуўся ў Канстытуцыйны суд з прапановай, якая закранае правы асуджаных да смяротнага пакарання
Ці прызнае Канстытуцыйны суд права асуджаных да смяротнага пакарання на абарону права на жыццё праз міжнародныя арганізацыі?
Паводле артыкула 61 Канстытуцыі краіны кожны мае права ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабодаў, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.
Але ж паводле артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прысуд да смяротнага пакарання, які ўступіў у законную сілу, прыводзіцца ў выкананне пасля атрымання афіцыйнага паведамлення аб адхіленні скаргаў, якія накіраваны ў парадку нагляду, і хадайніцтва аб памілаванні.
Як бачым, у пераліку дакументаў, якія мусяць быць атрыманы да выканання прысуду, рашэнні міжнародных арганізацый не згадваюцца, што пярэчыць артыкулу 61 Канстытуцыі.
Між тым пасля рэгістрацыі зваротаў асуджаных Камітэтам ААН па правах чалавека, але да разгляду іх па сутнасці, прысуды ў Беларусі прыводзяцца ў выкананне. Пра гэта сведчаць справы 2015 -2018 гадоў Міхалені, Беражнога і Іванова.
Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў лічыць такое становішча дыскрымінацыяй асуджаных да смяротнага пакарання, а таму звярнуўся ў Канстытуцыйны суд краіны з прапанавай узбудзіць вытворчасць па справе аб ухіленні недахопу ў артыкуле 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса.