Amnesty International: у 2019 годзе ў свеце прывялі ў выкананне 657 смяротных прысудаў, два з іх — у Беларусі

За мінулы год у свеце было прыведзена ў выкананне як мінімум 657 смяротных прысудаў, але працягваецца тэндэнцыя да зніжэння прымянення гэтага віду пакарання, піша TUT.BY. Аднак некаторыя краіны, такія як Кітай, па-ранейшаму хаваюць сапраўдную статыстыку. Пра гэта праваабарончая арганізацыя Amnesty International распавяла ў сваім штогадовым дакладзе.

Як адзначае Amnesty International, смяротнае пакаранне як від пакарання ўжывалі ў мінулым годзе 20 дзяржаў, сярод якіх не толькі краіны Афрыкі і Азіі, але і эканамічныя лідары з развітой судовай сістэмай, такія як ЗША і Японія.

Паводле звестак арганізацыі, за 2019 год было пакарана 657 чалавек, што на 5% менш у параўнанні з 2018 годам (тады было 690). Колькасць пакараных дасягнула мінімуму за дзесяць гадоў, а тэндэнцыя да зніжэння колькасці выканання смяротных прысудаў, якая азначылася яшчэ ў 2015 годзе, працягваецца.

У асноўным да вышэйшай меры пакарання прыгаворвалі за злачынствы, звязаныя з забойствамі і наркотыкамі. Аднак у некаторых краінах пакаралі смерцю таксама за розныя формы эканамічных злачынстваў (за карупцыю ў Кітаі), дзяржаўнай здрады (Саудаўская Аравія) і нават блюзьнерства (Пакістан).

Amnesty International асабліва адзначае, што ў некаторых краінах, такіх як Беларусь, В'етнам і Кітай, інфармацыя пра смяротныя пакаранні лічыцца дзяржаўнай таямніцай, што моцна абцяжарвае ацэнку сітуацыі. Сусветным лідарам па колькасці пакаранняў смерцю арганізацыя па-ранейшаму лічыць Кітай: як паведамляецца, за мінулы год там былі прыведзеныя ў выкананне тысячы смяротных прысудаў. Аднак афіцыйныя дадзеныя адсутнічаюць, таму агульная колькасць пакараных у свеце разлічвалася без уліку Кітая.

Услед за Кітаем ідуць Іран (як мінімум 251 пацверджаная пакаранне), Саудаўская Аравія (184 пакаранні) і Ірак (як мінімум 100 пакараных). Пры гэтым Ірак, Саудаўская Аравія, Паўднёвы Судан і Емен правялі значна больш пакаранняў смерцю, чым у 2018 годзе.

У дакладзе таксама адзначаецца зніжэнне колькасці вынясення смяротных прысудаў: з 2531 за 2018 год да 2307 за 2019 год. Арганізацыя паведамляе, што партнёр нашай краіны па ЕАЭС-Казахстан, дзе дзейнічае мараторый на смяротнае пакаранне, сёлета павінен пачаць працэдуру далучэння да другога Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які прадугледжвае поўную адмену гэтага віду пакарання.

У Беларусі, па дадзеных Amnesty International, прывялі ў выкананне як мінімум два смяротныя прысуды і вынесьлі яшчэ тры.

У чэрвені ў мінскім СІЗА № 1 быў расстраляны Аляксандр Жыльнікаў. Пра лёс асуджанага разам з ім Вячаслава Сухаркі няма дакладных дадзеных, аднак арганізацыя лічыць, што ён, хутчэй за ўсё, таксама быў пакараны прыкладна ў гэты ж час.

У снежні быў прыведзены ў выкананне яшчэ адзін смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Асіповіча.

У лістападзе Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд у дачыненні да Віктара Паўлава, адхіліўшы яго апеляцыю. А ў кастрычніку да вышэйшай меры быў прысуджаны Віктар Сергіль.

У траўні мінулага года, нагадаем, спецдакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі вітала працу створанай у 2017 годзе парламенцкай рабочай групы па пытанні аб смяротным пакаранні, але адзначыла адсутнасць прагрэсу і падкрэсліла, што для пераменаў у гэтым пытанні ў нашай краіне патрабуюцца "палітычная воля і кіруючы пачатак".

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны