"Няма мяжы міласэрнасці!" Вядомая абаліцыяністка звярнулася да Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні братоў Косцевых
Вядомая ў Еўропе абаліцыяністка і прэзідэнтка няўрадавай праваабарончай арганізацыі "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў" Тамара Чыкунова накіравала ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь афіцыйны зварот аб памілаванні братоў Станіслава і Іллі Косцевых.
У тэксце хадайніцтва на імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Тамара Чыкунова адзначае, што смяротнае пакаранне перапыняе права на рэабілітацыю тых, хто ўчыніў злачынства.
"Смяротнае пакаранне памнажае жорсткасць, таму што пасля пакарання злачынцы яго ахвяры не ажывуць, а людзі, якія жывуць у гэтай дзяржаве і падтрымліваюць смяротнае пакаранне, становяцца катамі", — падкрэслівае Тамара Чыкунова.
Праваабаронца ўзгадвае, што пасля вынясення прысуду братам Косцевым Магілёўскім абласным судом усе, хто прысутнічаў у зале, гэтаму апладзіравалі:
“Ніхто з тых, хто апладзіраваў, не задумаўся аб тым, што прысуд суда — гэта Дзяржаўны акт і ён выносіцца ад імя ЎСІХ, хто жыве ў Беларусі, а значыць, УСЕ прама ці ўскосна прымуць удзел у смяротным пакаранні!”
Жыццё чалавека не з'яўляецца ўласнасцю дзяржавы, падкрэслівае праваабаронца і дадае:
"Справядлівасць ніколі не можа быць дасягнута пазбаўленнем чалавека жыцця, маральнасць ніколі не сцвярджаецца легалізацыяй забойства. Міласэрнасць да заняпалага чалавека заўсёды пераважней помсты-усё на свеце мае мяжа, але няма мяжы Міласэрнасці!"
Тамара Чыкунова нарадзілася ў 1948 годзе ў Ташкенце. Яе адзінае дзіця — сын Дзмітрый Чыкуноў — таемна расстраляны 10 ліпеня 2000 года па ілжывым абвінавачванні, у турме горада Ташкента, Узбекістан, праз сем месяцаў пасля абвяшчэння прысуду судом першай інстанцыі.
26 сакавіка 2005 года рашэннем Камісіі па правах чалавека ААН па справе "Чыкунова супраць дзяржавы Узбекістан" Дзмітрый Чыкуноў рэабілітаваны пасмяротна.
Пасля неабгрунтаванага арышту і расстрэлу адзінага сына Тамара Чыкунова заснавала НДА "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў". Там праваабаронца вядзе працу па адмене смяротнага пакарання і супраць прымянення катаванняў у краінах, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.
Праца мае добры вынік:
- Ва Узбекістане 1 студзеня 2008 года юрыдычна, заканадаўча цалкам адменена смяротнае пакаранне. За час дзейнасці "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў" ад смяротнага пакарання было выратавана 107 чалавек, з іх толькі 12 атрымалі пажыццёвае пазбаўленне волі.
- У Кіргізстане 27 чэрвеня 2007 года юрыдычна, заканадаўча цалкам адменена смяротнае пакаранне
- У Казахстане 20 ліпеня 2009 года заканадаўча адменена смяротнае пакаранне, за выключэннем у дачыненні да тэрарыстаў.
- Таджыкістан наклаў мараторый на смяротнае пакаранне ў чэрвені 2004 года, у гэтым разглядаецца закон аб поўнай юрыдычнай адмене смяротнага пакарання на заканадаўчым узроўні.
- Парламент Манголіі ў снежні 2015 года прыняў рашэнне і юрыдычна (заканадаўча) адмяніў смяротнае пакаранне.
Таксама Тамара Чыкунова ўдзельнічала ў стварэнні сусветнай кааліцыі "разам супраць смяротнага пакарання" (Рым, Італія 13 мая 2002 года) і ўнесла значны ўклад у працу па адмене смяротнага пакарання ў краінах Сярэдняй Азіі, былога СССР.
Нагадаем, што 10 студзеня 2019 года Магілёўскі абласны суд на выязным судовым пасяджэнні ў Чэрыкаве прысудзіў братоў Станіслава і Іллю Косцевых да выключнай меры — смяротнага пакарання.
22 траўня 2020 года Косцевы абскардзілі прысуд у Вярхоўным судзе. Іх адвакаты падчас паседжэння адзначалі, што пры вынясенні прысуду суд першай інстанцыі не ўлічыў шэраг абставінаў і супярэчнасцяў у крымінальнай справе братоў, а таксама не ўлічыў іх малады ўзрост (братам 19 і 21 год). Аднак судовая калегія Вярхоўнага суда пакінула прысуд у сіле. Косцевых чакае расстрэл.
Дакументы
- khodotaistvo-o-pomilovanii.pdf (0.47 Mb)