РАДА далучаецца да кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"

Беларускі нацыянальны моладзевы савет РАДА афіцыйна далучыўся да кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".

З 1994 года ў Беларусі да смяротнага пакарання прыгавораны больш за 300 чалавек, сярэдні ўзрост пакараных складае 32 гады. Па дадзеных даступнай статыстыкі, каля паловы пакараных - маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 31 гадоў.

У Беларусі смяротнае пакаранне ажыццяўляецца шляхам расстрэлу. Месцы пахавання забітых невядомыя — гэту інфармацыю не выдаюць нават сваякам. Раней у пасведчанні аб смерці ставілі прочырк, цяпер пішуць «адбыў у адпаведнасці з прысудам».

"На жаль, вялікая колькасць маладых людзей думае, што ў нас у краіне смяротнага пакарання няма, мы бачым вялікі прабел у інфармаванні па гэтай тэме ў Беларусі на розных узроўнях. У нас ужо сфармавалася бачанне таго, як на гэта можна ўплываць і як дапамагчы кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарння ў Беларусі ” ў дасягненні пастаўленай мэты - мараторыя на смяротнае пакаранне," — кажа Зміцер Герыловіч, старшыня Беларускага нацыянальнага моладзевага савета "РАДА".

РАДА плануе актыўна падключыцца да інфармацыйнага і адукацыйнага напрамкаў кампаніі, а таксама задзейнічаць міжнародных партнёраў.

Мы ўпэўненыя, што правы чалавека — гэта базавыя свабоды і правы для ўсіх людзей, без павагі гэтых правоў у дзяржаве, моладзь губляе магчымасці для поўнай рэалізацыі свайго патэнцыялу ў грамадстве.

З вялікім натхненнем вітаем ініцыятыву сябраў Беларускага нацыянальнага моладзевага савета "РАДА" аб далучэнні да дзейнасці кампаніі супраць смяротнага пакарання. Мы ўпэўнены, што агульнымі намаганнямі, сумеснай актыўнасцю, салідарнасцю і сінергіяй мы паскорым той час, калі наша краіна будзе вольнай ад такога ганебнага і варварскага віда пакарання, як узаконенае забойства імем Рэспублікі Беларусь, а значыць забойства ад імя кожнага з нас. Наша кампанія адкрытая для супрацоўніцтва і сумеснай дзейнасці для кожнага і кожнай, хто падзяляе ідэі правоў чалавека, абаліцыянізма і еўрапейскіх каштоўнасцяў і гатовы дзейнічаць для прасоўвання гэтых ідэй", – заявіў Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “ Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.


Кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" была заснавана ў 2009 годзе Праваабарончым цэнтрам "Вясна", Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Міжнароднай амністыяй, займаецца юрыдычным, інфармацыйных і адукацыйным напрамкамі ў пытанні адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама з'яўляецца часткай і актыўным удзельнікам сусветнага руху абаліцыяністаў – прыхільнікаў адмены смяротнага пакарння ва ўсім свеце.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны