Праваабаронца звярнуў увагу Канстытуцыйнага суда на прававую калізію, датычную смяротнага пакарання

Праваабаронца Алесь Дзергачоў
Праваабаронца Алесь Дзергачоў

Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў звярнуўся ў Канстытуцыйны суд праз форму зваротаў на сайце гэтага органа з прапановай ўхіліць прабел у артыкуле 175 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (КПК). Зварот Алесь Дзергачоў накіраваў праз сайт у Канстытуцыйны суд яшчэ 21 сакавіка 2020 года, але адказу на яго дамагаўся амаль тры месяцы.

У чым сутнасць звароту?

Паводле артыкула 175 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса прысуд да смяротнага пакарання, які ўступіў у законную сілу, прыводзіцца ў выкананне пасля атрымання афіцыйнага паведамлення аб адхіленні скаргаў, якія былі накіраваны ў парадку нагляду, і хадайніцтва аб памілаванні.

Аднак, на думку праваабаронцы,  гэтая норма права не улічвае, што  паводле артыкула 61 Канстытуцыі кожны мае права з мэтай абароны сваіх правоў звяртацца ў міжнародныя арганізацыі, калі вычарпаныя ўсе ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.

Алесь Дзергачоў лічыць, што згаданы артыкул 175 КПК мае прабел, бо не ўлічвае права асуджаных на зварот у міжнародныя арганізацыі да моманту выканання прысуду.

Зварот Алесь Дзергачоў накіраваў праз сайт у Канстытуцыйны суд яшчэ 21 сакавіка 2020 года. Аднак адказу не дачакаўся нават і праз месяц. Таму 3 траўня 2020 года праз тую ж форму зваротаў заяўнік запытаўся, чаму своечасова быў не дадзены адказ. Але  рэагавання не было і на гэты раз.

У выніку праваабаронца Алесь Дзергачоў накіраваў заяву ў Ленінскі РУУС Мінска аб прыцягненні да адказнасці вінаватых у астаўленні звароту без адказу. І прыклаў скрыншот паведамлення сайта Канстытуцыйнага суда аб рэгістрацыі звароту.

Толькі пасля гэтага ў сярэдзіне чэрвеня з Канстытуцыйнага суда на двух аркушах паступіў адказ, у якім паведамляецца, што сайт гэтага суда працуе належным чынам, а зварот праваабаронцы да іх не паступаў.

Што адказаў Канстытуцыйны суд праваабаронцу?

Праўда, сутнасць праблемы, узнятай заяўніком у звароце, ў адказе ўзгадваецца. Ёй прысвечана толькі  два радкі на другой старонцы. Паведамляецца, што выкладзеныя ў звароце пытанні фактычна тычацца змянення заканадаўства, якое рэгламентуе парадак выканання пакарання смерцю.

З такой пазіцыі Канстытуцыйнага суда вынікае, што артыкул 61 Канстытуцыі краіны ў адносінах да прысуджаных да смяротнага пакарання запрацуе толькі пры ўмове, калі заканадаўцы пажадаюць унесці змены ў артыкул  175 КПК.

Алесь Дзергачоў лічыць, што адказ Канстытуцыйнага суда з'яўляецца прыкладам адносінаў дзяржавы да Асноўнага закона як да другараднага.

Фота

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны