Прызначаная дата паўторнага разгляду асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Скрундзіка
Мінскім абласным судом прызначаная дата паўторнага разгляду крымінальнай справы жыхара Слуцкага раёна Віктара Скрундзіка. Яго абвінавацілі ў забойстве пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны.
Як паведамляе каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"" Андрэй Палуда, суд адбудзецца 19 жніўня на выязным пасяджэнні ў Слуцку. Пачатак працэсу прызначаны на 11-00.
6 сакавіка 2020 года Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку абвясціў прысуды "слуцкай бандзе". Трох жыхароў Слуцкага раёна абвінавацілі ў забойстве пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны.
Усе фігуранты справы былі прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення (Валянцін Бушнін, Сяргей Захарчанка і Віталь Мяцеж), а Віктар Скрундзік да смяротнага пакарання.
30 чэрвеня калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах агучыла рашэнне, якім задаволіла апеляцыйную скаргу і адмяніла смяротны прысуд Віктару Скрундзіку. Крымінальную справу адправілі на новы разгляд у Мінскі абласны суд.