Мексіка

Гісторыя смяротнага пакарання ў Мексіцы мае вельмі старыя і глыбокія карані. Права дзяржавы ацтэкаў мела смяротнае пакаранне і формы былі жудасныя ў сваёй разнастайнасці – ад абезгалоўлівання, раздзялення да забівання камянямі і павешання. Таксама ў эпоху ацтэкаў чалавечыя жыцці прыносіліся ў ахвяру багам (часцей за ўсё гэта былі палонныя).

У пачатку XVI стагоддзя тэрыторыю Мексікі на 300 гадоў акупавала Іспанія і настаў час Святой інквізіцыі.

Рух у бок адмены смяротнага пакарання ў Мексіцы пачаўся ў XIX стагоддзі пасля атрымання незалежнасці і гэта была агульная тэндэнцыя для Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі. З моманту абвяшчэння незалежнасці у 1824 годзе да прыняцця Канстытуцыі ў 1857 г., кіраўнікі дзяржавы мяняліся 40 разоў і смяротнае пакаранне часта выкарыстоўвалася для ліквідацыі палітычных апанентаў. Таму забарона смяротнай кары за палітычныя злачынствы ў гэтай Канстытуцыі стала сапраўдным прарывам для таго часу.

У гэты ж час пытанне адмены смяротнага пакарання атрымала шырокае публічнае абмеркаванне, з'явілася шмат праціўнікаў гэтага спосабу барацьбы з злачыннасцю. Большасць з сябраў рэдакцыйнага камітэта федэральнага Крымінальнага кодэкса 1871 г. выступае супраць смяротнага пакарання і рэкамендуе яго выключыць. Аднак кіраўнік камісіі Марцінес дэ Кастра адхіліў гэтую ідэю, як пагрозу бяспецы краіны ў сувязі з нестабільным палітычным становішчам (нядаўнія грамадзянская вайна і англа-франка-іспанская інтэрвенцыя), а таксама недасканалай сістэмай турмаў. Тым не менш, пастаноўлена, што смяротнае пакаранне больш не будзе ажыццяўляцца публічна.

З федэральнага Крымінальнага кодэкса Мексікі смяротнае пакаранне было выключанае ў 1929 годзе, і незалежныя штаты пачалі паступова адмяняць яго прымяненне (апошняя пакаранне за крымінальнае злачынства адбылося ў 1937 годзе ў штаце Пуэбла). За цяжкія злачынствы з гэтага часу маглі прысудзіць да пажыццёвага зняволення. Аднак і да гэтай рэформы на федэральным узроўні некаторыя штаты Мексікі ўжо адмянілі смяротнае пакаранне самастойна, напрыклад, штат Мічаакан зрабіў гэта ў 1924 годзе.

Пасля адмены смяротнага пакарання за крымінальныя злачынствы пакаранне захоўвалася толькі ў Вайсковым кодэксе за ваенныя злачынствы і выкарыстоўвалася да 1961 г. (апошняя пакаранне ў Мексіцы адбылося ў дачыненні да салдата Канстантэ Лаўрэна 9 жніўня 1961 г.). На практыцы смяротныя прысуды выносіліся і пазней, аднак, прэзідэнты выкарысталі свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы і замянялі пакаранне на пажыццёвае зняволенне. Апошні раз такое рашэнне было прынятае мексіканскім прэзідэнтам у 2003 годзе.

Тым не менш, Канстытуцыя Мексікі ўтрымлівала артыкул аб смяротнай кары працяглы час. Гэта давала магчымасць палітыкам маніпуляваць ёй. Напрыклад, падчас прэзідэнцкіх выбараў ў 1988 годзе адзін з кандыдатаў абвясціў, што ён можа разгледзець пытанне аб правядзенні рэферэндуму па пытанні ўвядзення смяротнага пакарання, але ідэя выклікала шырокі супраціў з боку грамадскасці, і рэферэндум так і не адбыўся.

У 2005 годзе апошняе палажэнне Ваеннага кодэкса, якое дазваляе смяротнае пакаранне, было адмененае. 21 красавіка Мексіканская Палата дэпутатаў аднагалосна прагаласавала за рэфармаванне Ваеннага-крымінальнага кодэкса і замену смяротнага пакарання на пазбаўленне волі на тэрмін ад 30 да 60 гадоў за цяжкія злачынствы. Акрамя таго, мексіканская палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект канстытуцыйнай рэформы ў чэрвені 2005 года, прагаласаваўшы 412 галасамі за і 2 ўстрымаўшыміся, за адмену смяротнага пакарання за ўсе злачынствы. Прэзідэнт Вісэнтэ Фокс падпісаў законапраект, які ўносіць папраўкі ў артыкулы 14 і 22 Канстытуцыі Мексіканскіх Злучаных Штатаў, якія ўступілі ў сілу 9 снежня 2005 года. Гэты крок прэзідэнт назваў “гістарычным” і падкрэсліў, што “Мексіка падзяляе меркаванне, што смяротнае пакаранне з'яўляецца парушэннем правоў чалавека”.

Цяжкая сітуацыя са злачыннасцю ў краіне спрыяе спробам шэрагу палітыкаў вярнуць гэта пытанне на галасаванне. У снежні 2008 года губернатар паўночнага штата Каахулы ўнёс законапраект у мексіканскі кангрэс для аднаўлення смяротнага пакарання за выкраданне, спалучанае з забойствамі. Экалагічная партыя Мексікі выступае за смяротнае пакаранне ва ўсіх выпадках забойства. Аднак спробы аднавіць смяротнае пакаранне кожны раз ўпіраюцца ў рашучы супраціў грамадскасці і царквы, таму падобныя ініцыятывы так і не ўвянчаліся поспехам.

У верасні 2007 года Мексіка далучылася да Другога факультатыўнага пратакола Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і пратакола Амерыканскай канвенцыі аб правах чалавека, накіраваных на адмену смяротнага пакарання. На Генэральнай Асамблеі ААН, таксама ў 2007 годзе, Мексіка прагаласавала за рэзалюцыю A/RES/62/149, якая заклікае да мараторыя на смяротнае пакаранне ва ўсім свеце. І прытрымлівалася гэтага меркавання на наступных галасаваннях ў 2008, 2010 і 2012 гадах.

Мексіка з'яўляецца адкрытым крытыкам прымянення смяротнага пакарання ў ЗША. У 2004 годзе Мексіка звярнулася і была падтрыманая Міжнародным судом у патрабаванні перагляду 51 справы ў дачыненні да мексіканскіх грамадзянаў, прысуджаных да смяротнага пакарання ў ЗША, паколькі Злучаныя штаты Амерыкі не выканалі сваіх абавязальніцтваў па забеспячэнні доступу консулаў да падазраваных грамадзянаў Мексікі. Таксама Мексіка не выдае ў ЗША падазраваных у крымінальных злачынствах без абавязальніцтваў аб тым, што яны не будуць прысуджаныя да смерці.

Навіны