У ПАРЕ асудзілі вынясенне смяротнага прысуду Скрундзіку і заклікалі Беларусь увесці мараторый
Генеральны дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) у пытанні скасавання смяротнага пакарання Уладзімір Варданян асудзіў вынясенне ў Беларусі смяротнага прысуду Віктару Скрундзіку, паведамляе БелаПАН са спасылкай на сайт ПАРЕ.
"Я вельмі спачуваю пацярпелым і іх сем'ям, але я вельмі расчараваны рашэннем Мінскага абласнога суда, які зноў вынес смяротны прысуд пасля таго, як справу ў чэрвені 2020 года перагледзеў Вярхоўны суд, — адзначыў Варданян. — На жаль, судовая сістэма працягвае ўжываць смяротнае пакаранне, хоць, паводле паведамленняў, Нацыянальны сход ужо ўхваліў першы пакет паправак, якія ліквідуюць гэтую меру ў Крымінальным кодэксе".
"Еўрапейскія стандарты правоў чалавека забараняюць прымяненне смяротнага пакарання пры любых абставінах, незалежна ад цяжару здзейсненага злачынства. Таму я заклікаю ўлады ў тэрміновым парадку ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і як мага хутчэй прыняць заканадаўчыя папраўкі, якія б выключылі падобны прысуд з сістэмы крымінальнага права Беларусі. Я веру, што рашэнне гэтага пытання дасць магчымасць значна палепшыць адносіны паміж Беларуссю і Саветам Еўропы", — падкрэсліў гендакладчык ПАРЕ.
6 сакавіка 2020 года Мінаблсуд на выязным пасяджэнні ў Слуцку прысудзіў 29-гадовага жыхара Слуцкага раёна Віктара Скрундзіка да смяротнага пакарання па абвінавачванні ў некалькіх забойствах і замаху на забойства. У рамках той жа справы 25-гадовы Віталь Мяцеж і 33-гадовы Валянцін Бушнін былі прысуджаныя да 22 і 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна. Жыхароў Слуцкага раёна абвінавацілі ў забойстве двух мужчын 79 і 94 гадоў, а таксама замаху на забойства 85-гадовай жанчыны ў студзені 2019 года.
30 чэрвеня калегія Вярхоўнага суда адмяніла смяротны прысуд Скрундзіку, разгледзеўшы яго касацыйную скаргу, а таксама іншыя прысуды па справе. Крымінальную справу адправілі на новы разгляд у Мінскі абласны суд. На пасяджэнні 29 верасня пракурор запытаў такія ж меры пакарання, якія былі вынесеныя да адмены прысудаў Вярхоўным судом. 15 студзеня Мінаблсуд паўторна вынес смяротны прысуд Віктару Скрундзіку, прысуды ў дачыненні да іншых фігурантаў справы таксама засталіся ранейшымі.
Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе працягваюць ужываць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання.
Першы ў гэтым годзе смяротны прысуд вынесены ў Слуцку