Асуджаных да смерці братоў Косцевых памілавалі
Каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палудзе стала вядома пра памілаванне братоў Косцевых. Пра гэта яму распавялі родныя асуджаных.
30 красавіка сваякі асуджаных да смяротнага пакарання Іллі і Станіслава Косцевых спрабавалі перадаць ім перадачу ў СІЗА-1. Аднак дзяжурны ў іх перадачу не прыняў, сказаў, што наконт асуджаных прыйшла папера аб памілаванні з адміністрацыі прэзідэнта. Цяпер хлопцы знаходзяцца ўжо не пад юрысдыкцыяй СІЗА-1, а адбываюць каранцін для этапавання ў турму №8 г. Жодзіна.
Ніякай паперы родным Косцевых не далі, але яны спадзяюцца, што атрымаюць афіцыйнае падцверджанне інфармацыі на пачатку наступнага тыдня.
Да гэтага праваабаронцам было вядома толькі пра адзіны выпадак памілавання асуджанага да смяротнага пакарання за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.
Нагадаем, 10 студзеня 2020 года на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве былі вынесеныя адразу два смяротных прысуды ў дачыненні да братоў 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых. Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседстве, і падпале яе дома. Прысуд аб прызначэнні вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, вынес суддзя Міхаіл Мельнікаў.
22 траўня 2020 года Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу братоў Косцевых, прысуд асуджаным пакінулі ў сіле. Пасля гэтага родныя Іллі і Станіслава звярнуліся з прашэннем аб памілаванні да прэзідэнта.
Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі за захаванне жыцця братам Косцевым