Андрэй Палуда: "Пакуль няма сістэмных зменаў, новыя прысуды і расстрэлы могуць адбыцца ў любы момант"
4 траўня каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання, арганізаванай Партугаліяй як краінай, якая старшынствуе ў Савеце Еўрапейскага саюза.
Андрэй Палуда выступіў на сесіі пад назвай "Смяротнае пакаранне – прававыя і інстытуцыйныя аспекты". Ён адзначыў, не гледзячы на ўсе праблемы, з якімі сутыкаюцца грамадства ў розных краінах і якія звязаныя з эпідэміялагічнай, эканамічнай, грамадска-палітычнай і іншымі сітуацыямі, на задні план не павінны адсоўвацца не менш важныя праблемы. Сярод такіх праблемаў – смяротнае пакаранне.
Праваабаронца сказаў, што часта на падобных мерапрыемствах, кажучы пра Беларусь, дакладчыкі пачынаюць сваю прамову з таго, што Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захаваўся такі від пакарання, як смяротнае. І ў прынцыпе нічога істотна не змянілася за многія гады, а само смяротнае пакаранне – адзін з элементаў савецкай спадчыны.
У Беларусі такі від пакарання можа быць прызначаны па 13 відах злачынстваў толькі мужчынам, якія ўчынілі злачынства пасля наступлення 18-гадовага ўзросту і не дасягнулі да моманту вынясення прысуду 65 гадоў. Прыводзіцца ў выкананне шляхам расстрэлу.
"Варта адзначыць, што ні адзін з артыкулаў не патрабуе абавязковага смяротнага прысуду і мае альтэрнатыву ў выглядзе пажыццёвага зняволення альбо працяглых тэрмінаў. А практыка прымянення такая, што асуджаюць да смяротнага пакарання за забойства двух або больш асобаў альбо за забойства з асаблівай жорсткасцю", – падкрэсліў Андрэй Палуда.
Як правіла, асуджаныя да расстрэлу – не серыйныя забойцы, а людзі, якія здзейснілі злачынствы ў стане алкагольнага ап'янення падчас бытавых канфліктах. Аднак асобна варта адзначыць выпадак вынясення ў 2011 годзе смяротнага прысуду па артыкуле "тэрарызм" Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву.
Час, на працягу якога асуджаны чакае расстрэл, у законе не агавораны, але складае, як правіла, ад трох месяцаў да аднаго года і некалькіх месяцаў. Дакладная дата выканання прысуду захоўваецца ў сакрэце, у тым ліку ад самога смяротніка, і вядомая толькі кіраўніку расстрэльнай каманды.
"Мы ведаем, што ў дзень пакарання асуджанага праводзяць праз падземны пераход з камеры, у якой пра ўтрымліваўся, у спецыяльную камеру для пакарання, зачытваюць акт адмовы ў памілаванні, удакладняюць анкетныя звесткі, завязваюць вочы і ставяць на калені... Смяротнае пакаранне ажыццяўляецца стрэлам у патыліцу з адмысловага пісталета. Акрамя членаў расстрэльнай каманды, у камеры прысутнічаюць пракурор, які сочыць за законнасцю працэдуры, і лекар, які ў наступным канстатуе смерць", – распавёў праваабаронца.
Месца пахавання целаў не выдаецца, што станавіцца дадатковым стрэсам для сваякоў расстраляных, якія не могуць пахаваць іх па традыцыях сям'і, а ў наступным не маюць месца, дзе б яны маглі аплакваць свайго сына, бацьку, мужа.
"Мне часта задаюць пытанне: для чаго гэта робіцца і ў чым прычына такой заслоны сакрэтнасці? На мой погляд, гэта звязана з савецкай спадчынай: якімі былі інструкцыі і працэдуры ў савецкі час, такімі яны і перайшли ў сапраўдную рэальнасць. У савецкі час гэта рабілася ў тым ліку для таго, каб схаваць сапраўдныя маштабы рэпрэсій.
Дакладнае колькасць асуджаных да смяротнага пакарання не выдаецца і сёння. У асноўным праваабаронцы даведаюцца аб выкананні прысудаў ад сваякоў расстраляных".
Андрэй Палуда распавёў, што ў цяперашні час у калідоры смерці знаходзіцца два чалавекі – Віктар Паўлаў і Віктар Сергель, у дачыненні да якіх прысуд можа быць прыведзены ў выкананне ў любы момант.
Сёння яшчэ аднаму асуджанаму – Віктару Скрундзіку, Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле, а яго апеляцыйную скаргу без задавальнення. Характэрна, што ў мінулым годзе ў такім жа парадку Вярхоўны суд адмяніў смяротнае пакаранне Скрундзіку, але ў студзені 2021 года калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда зноў вынесла яму смяротны прысуд.
Таксама праваабаронцам на мінулым тыдні стала вядома аб памілаванні братоў Косцевых, асуджаных да смяротнага пакарання ў 2020 годзе. Працэдурна, гэта значыць, што ім замянілі расстрэл на пажыццёвае зняволенне.
"Гэта ўсяляе асцярожную надзею, як і той факт, што 17 снежня 2019 года, быў апошні з вядомых прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў – у дачыненні да Аляксандра Асіповіча. Прайшло паўтара года. Многія кажуць, што гэта мараторый на выкананне прысудаў дэ-факта. Вельмі хацелася б у гэта верыць. Але пакуль няма сістэмных зменаў, новыя прысуды і новыя расстрэлы могуць адбыцца ў любы момант".
Праваабаронца адзначыў, што адбывалася актыўнае абмеркаванне адмены смяротнага пакарання напярэдадні ўнясення зменаў і дапаўненняў у Крымінальны кодэкс. Аднак нічога датычна такога віду пакарання так і не было зроблена.
Андрэй Палуда мяркуе, што ўлады могуць вынесці пытанне смяротнага пакарання на рэферэндум па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю, які плануецца на студзень 2022 года.
"Адзначу, што мая пазіцыя і пазіцыя калег-праваабаронцаў адназначная: падобныя адчувальныя пытанні, якія шмат у чым знаходзяцца ў эмацыйнай плоскасці, вырашаць з дапамогай рэферэндуму недапушчальна. Мы лічым, што рашэнне па адмене смяротнага пакарання павінна прымацца з дапамогай палітычнай волі, як гэта было ў іншых краінах".
Прадстаўнік МЗС Андрэй Дапкюнас у сваім выступе пацвердзіў факт памілавання братоў Іллі і Станіслава Косцевых.
Таксама ў сесіі прыняла ўдзел вядомая амерыканская адвакатка Дэніз Лябёф, якая больш за 30 гадоў абараняе падсудных, абвінавачаных у злачынствах, што караюцца смерцю.
Выступленні спікераў завяршыліся адказамі на пытанні анлайн-аўдыторыі.
Партугалія была адной з першых краін, якія адмянілі смяротнае пакаранне за палітычныя злачынствы. Гэта адбылося ў 1852 годзе. У 1867 годзе вышэйшая мера пакарання была адменена за ўсе злачынствы супраць грамадзянскага насельніцтва. Прыняўшы на сябе – у чацвёрты раз – пасаду Старшыні Савета Еўрапейскага Саюза, Партугалія застаецца цвёрда прыхільнай глабальнай кампаніі супраць смяротнага пакарання. Гэтая канферэнцыя мае намер стаць важным укладам у гэтую кампанію.