Беларускія праваабаронцы ўзялі ўдзел у воркшопе "Смерць — гэта не правасуддзе"
Беларускія праваабаронцы прынялі ўдзел у воркшопе "Смерць — гэта не правасуддзе: адвакацыя адмены смяротнага пакарання", які арганізаваў Савет Еўропы ў супрацоўніцтве з няўрадавай арганізацыяй "Разам супраць смяротнага пакарання" (ECPM).
ECPM — арганізацыя, створаная ў Францыі ў 2000 годзе, якая займаецца барацьбой са смяротным пакараннем ва ўсім свеце. Асацыяцыя спрыяе ўсеагульнай адмене смяротнага пакарання праз адвакацыйныя праграмы з дзяржаўнымі ўладамі, умацаванне грамадзянскай супольнасці, стварэнне і распаўсюд публікацый, а таксама падтрымку асуджаных да смяротнага пакарання.
Семінар быў арганізаваны ў межах праекту супрацоўніцтва "Смерць — гэта не правасуддзе: адмена смяротнага пакарання ў Еўропе і за яе межамі". Ягоная мэта палягала ў тым, каб патлумачыць маладым грамадзянам і грамадзянкам, як процідзейнічаць наратыву аб аднаўленні смяротнага пакарання, а таксама паказаць шлях Еўропы да поўнай адмены смяротнага пакарання. Падчас семінару таксама абмяркоўвалася вялікая роля Савета Еўропы і Еўрапейскага суда па правах чалавека ў гэтым. Мерапрыемства распачалі Крыстас Джакумопулос, генеральны дырэктар па правах чалавека і вяршэнства закона Савета Еўропы, і амбасадарка Мары Фонтанель, пастаянная прадстаўніца Францыі пры Савеце Еўропы.
У семінары прынялі ўдзел 40 маладых валанцёраў, студэнтаў і актыўных членаў грамадзянскай супольнасці ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў з усёй Еўропы, сярод іх — некалькі беларускіх праваабаронцаў. Цягам двух дзён удзельнікі і ўдзельніцы мелі магчымасць азнаёміцца з гісторыяй адмены смяротнага пакарання ў Еўропе і свеце. Яны атрымалі навыкі камунікацыі і працы з грамадскасцю, якія дапамаглі б праводзіць інфармацыйна-адвакацыйныя кампаніі, накіраваныя на прадухіленне адраджэння смяротнага пакарання. Падчас мерапрыемству ўдзельнікі і ўдзельніцы азнаёміліся з сітуацыяй са смяротным пакараннем у свеце. Асаблівы фокус склалі сітуацыі са смяротным пакараннем у кантэксце сэксуальных меньшасцей і гендэрнай дыскрымінацыі. Супрацоўнік Prison Insider і былы асуджаны да смяротнага пакарання ў ЗША Ёахім Хасэ Марцінэз распавялі пра ўмовы ўтрымання ў турмах людзей, асуджаных да смяротнага пакарання. Юрысты і юрысткі паказалі сваю ролю ў барацьбе за адмену смяротнага пакарання. Суддзя Еўрапейскага суда па правах чалавека Лаціф Хусёйнаў патлумачыў міжнародныя нормы ў дачыненні да гэтай тэмы. Падчас івенту таксама адбылося галасаванне за пераможцу арт-выставы на тэму адмены смяротнага пакарання.
Сустрэчы з людзьмі, асуджанымі да смерці, і агульныя каштоўнасці
Што ўразіла беларускіх праваабаронцаў на Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання?
Беларускія праваабаронцы змаглі абмяняцца досведам з моладдзю з усяго свету, распавесці пра сітуацыю са смяротным пакараннем у Беларусі, а таксама адзначылі, наколькі важна падымаць пытанне яго адмены на ўзроўні Савету Еўропы.
"Беларусь — адзіная краіна Еўропы, у якой захавалася смяротнае пакаранне, мы даўно працуем з гэтай тэмай, таму не атрымалі радыкальна новых ведаў, — адзначыла праваабаронца "Вясны" Анастасія Аўчарова, якая ўдзельнічала ў семінары. — Важна было іншае: варкшоп запомніўся яскравымі выступамі людзей, якія занятыя праблемай смяротнага пакарання ў розных краінах. Іх аповеды дазволілі ўспрыняць праблему ў глабальным кантэксце і нагадалі пра тое, што барацьба за адмену смяротнага пакарання яднае беларусаў і беларусак з людзьмі па ўсім свеце. Я ізноў упэўнілася, наколькі пакаранне смерцю ёсць жудаснай практыкай.
Мяне вельмі ўразіў расказ ЛГБТК+ актывіста і праваабаронцы з Уганды, дзе ЛГБТК+ людзей караюць смерцю. Дзяўчыны-праваабаронцы із Ірана распавялі пра жахлівую практыку ў сваёй краіне. Праваабаронцы, адвакат і адвакатка, распавялі, як іх юрыдычная праца дапамагала выратаваць людзей ад смерці.
Адзначу расповед мужчыны, які сам быў асуджаны да смяротнага пакарання, пакуль яго не апраўдалі. Ён распавёў кранальную гісторыю пра тое, што сам калісьці падтрымліваў смяротнае пакаранне, пакуль сам не апынуўся ў камеры смяротнікаў і не пабачыў на ўласныя вочы, як не толькі людзі, асуджаныя да смяротнага пакарання, але і іх сем'і пакутуюць ад вялізарнага эмацыйнага ціску. Важна таксама было падкрэсліць аргумент, што суддзі і следчыя памыляюцца часцей, чым мы звычайна ўяўляем, а таксама што смерць не прыносіць сем'ям пацярпелых спакою ці прымірэння, якія можа прынесці прабачэнне.
"Удзел у варкшопе быў карысным не з пункту гледжання атрымання вялікай колькасці новых тэарэтычных ведаў, а ў большай ступені ў сілу магчымасці пад іншым вуглом зірнуць на праблему і яе адвакацыю, — адзначыла прадстаўніца БХК. — Запрошаныя эксперты і эксперткі падзяляліся асабістым і прафесійным досведам, што стала самым каштоўным для мяне.
І, безумоўна, падобныя імпрэзы маюць вялікае значэнне як магчымасць расказаць пра сітуацыю са смяротным пакараннем (і не толькі) у Беларусі і падтрымліваць нашу краіну ў фокусе на міжнародным узроўні".