"Гэта Чалавек з вялікай літары". Памёр вядомы чэшскі палітык, які падтрымліваў дэмакратычную супольнасць Беларусі
12 лістапада стала вядома, што ва ўзросце 85 гадоў памёр былы міністар замежных спраў (2007—2009, 2010—2013) і ганаровы старшыня ліберальна-кансерватыўнай партыі TOP 09 Карл Шварцэнберг. Ён актыўна падтрымліваў дэмакратычную супольнасць Беларусі, паслядоўна крытыкаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі і выступаў супраць смяротнага пакарання.
Восенню 2014 году Карл Шварцэнберг наведаў Беларусь. Тады, як ганаровы госць, ён прымаў ўдзел у Тыдні супраць смяротнага пакарання, які ладзіла кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". Таксама ў межах Тыдня ён наведаў тэматычную выставу — "Вышэйшая мера". Таксама палітык узяў удзел у праваабарончых мерапрыемствах разам з прадстаўнікамі еўрапейскіх амбасадаў, якія ўваходзілі ў Працоўную групу па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі, – круглым стале і публічнай лекцыі.
У дыскусіях спадар Шварцэнберг неаднаразова падкрэсліваў, што супраць смяротнай кары трэба змагацца найперш з маральнай кропкі гледжання, што важна аддзяліць сам факт наяўнасці смяротнага пакарання ў краіне ад палітычнай сферы:
"Смяротнае пакаранне – гэта не ёсць супрацьстаянне Усходу і Захаду, таму што, як вядома, вялікія праціўнікі на палітычнай арэне Кітай і ЗША – абедзьве дзяржавы маюць смяротнае пакаранне".
Карл Шварцэнберг: Не разумею людзей, якія, пабачыўшы ХХ стагоддзе, падтрымліваюць смяротную кару
У 2018-м Карл Шварцэнберг крытыкаваў ідэю пабудовы рэстарацыі ў Курапатах пад Мінскам. Ён прыгадаў у камэнтары "Радыё Свабодзе" гісторыю з Чэхіі, дзе быў падобны выпадак. Каля канцэнтрацыйнага цыганскага лягеру часоў ІІ сусветнай вайны ў Паўднёвай Чэхіі камуністы ў 70-я гады пабудавалі свінакомплекс. Гэта справакавала пратэсты, але шмат гадоў сітуацыя не вырашалася. Нарэшце ўрад выкупіў свінарнік ва ўладальніка, вырашыў знесці комплекс ды паставіць помнік.
У 2018-м годзе Шварцэнберга ўзнагародзілі мэдалём да 100-годдзя БНР – "на знак прызнаньня заслугаў дзеля беларускай незалежнасці і дэмакратыі".
Каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда выказаўся з нагоды страты спадара Карла Шварцэнберга:
"Гэта Чалавек з вялікай літары, ён патрыёт сваёй роднай Чэхіі, палітык, дэпутат Парламенту, прадстаўнік аднаго з старэйшых арыстакратычных родаў Еўропы, і пры гэтым Чалавек, які знаходзіў час, сілы, магчымасці, каб падтрымаць важныя працэсы, якія ў тым ліку адбываліся ва Усходняй Еўропе. Напрыклад, "Майдан" ва Украіне, і, канешне, абавязкова важна ўзгадаць яго падтрымку кампаніі па адмене смяротнага пакарння ў Беларусі".