Перагляд справы Грунова прызначаны на 26 лістапада
26 лістапада ў Гомельскім абласным судзе адбудзецца новы разгляд крымінальнай справы Аляксандра Грунова.
Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі 22 кастрычніка агучыла рашэнне па касацыйнай скарзе Аляксандра Грунова, якім адмяніла смяротны прысуд, вынесены Гомельскім абласным судом 14 чэрвеня 2013 года.
Адмяніўшы смяротны вырак, Вярхоўны суд улічыў шэраг акалічнасцяў, выкладзеных абаронай падчас разгляду касацыйнай скаргі. Пра гэта распавёў Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая ажыццяўляе маніторынг судовага працэсу па дадзенай крымінальнай справе.
Са словаў праваабаронцы, Вярхоўны суд прыняў пад увагу яўку Грунова з павіннай – тое, што не было ацэнена судом першай інстанцыі як змякчаючая віну акалічнасць. Таксама абласны суд палічыў асуджанага беспрацоўным, хоць на той момант ён працаваў і у справе былі дакументы, якія гэта пацвярджаюць, - і гэта было ўлічана падчас касацыі. Былі ўлічаны і станоўчыя характарыстыкі Грунова ў матэрыялах крымінальнай справы, якія не ўлічыў абласны суд.
“На маю думку, гэтыя характарыстыкі тычыліся таго, што, адбываючы пакаранне па папярэдняй крымінальнай справе, Груноў быў вызвалены датэрмінова – то бок, ён не меў ніякіх спагнанняў, што характарызавала яго станоўча. Таксама гомельскі суд лічыў, што Груноў стаіць на ўліку як таксікаман, але ў характарыстыцы было ўказана, што ён лячыўся і ў выніку быў зняты з гэтага ўліку”, - кажа Андрэй Палуда.
Разам з тым праваабаронцу здзіўляе той факт, што Вярхоўны суд праігнараваў парушэнні ў звязку з псіхолага-псіхіятрычнай экспертызай, вынікі якой былі пакладзены ў аснову абвінаваўчага прысуду Грунову. Бок абароны падчас касацыі звяртаў на гэта асаблівую ўвагу.