Naka запісала сінгл супраць смяротнага пакарання
Напярэдадні вялікага сольнага канцэрта група Naka прадставіла новы сінгл « Я жыву» . Выхад менавіта гэтай песні ў якасці сінгла стаў лагічным працягам удзелу Насты Шпакоўскай у праекце «Апошні Золак», паведамляе ultra-music.com.
- Так склалася, што гэтай восенню ў Беларусі стала актыўна абмяркоўвацца тэма смяротнага пакарання. Але ёсць ўспышкі нейкай сацыяльнай тэмы, а ёсць пытанне жыцця і смерці, якія заўсёды актуальныя. Гэта адна з тых рэчаў, пра якія мы як людзі і як артысты не можам не задумвацца і не казаць. Метафарычна, рвана, выпакутавана. Так, як ўмеем. Думаю, наш слухач разбярэцца, - каментуе выхад новай песні Анастасія Шпакоўская.
Дадаткам да песні стануць спецыяльна створаныя малюнкі ад беларускага аніматара Аляксандры Шыла, якія можна спампаваць разам з песняй.
Пасля вялікага канцэрту ў Мінску Naka адправіцца ў Расію, дзе выступіць у прамым эфіры «Нашага радыё» і дасць канцэрты ў Маскве і Санкт -Пецярбургу. На снежаньскіх канцэртах Naka выступіць як у электрычнасці, так і ў акустыцы. Канцэрт у Мінску запланаваны на 28 лістапада (19.00, клуб Re:Public).