Леанід Судаленка: “Чалавек недасведчаны можа сказаць, што мы “абараняем забойцаў”. Гэта не так”
Гомельскі юрыст Леанід Судаленка, які ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” рыхтаваў скаргу ў ААН Аляксандра Грунова, у інтэрв’ю для dp.spring96.org разважае пра неэфектыўнасць смяротнай кары як меры пакарання.
- Вы займаліся падрыхтоўкай скаргі ў ААН Аляксандра Грунова – абвінавачанага па рэзананснай справе пра забойства гомельскай студэнткі… Часта можна сутыкнуцца з такім стэрэатыпам – і ў СМІ, і на ўзроўні побытавай свядомасці - што праваабаронцы, якія выступаюць супраць смяротнага пакарання, “абараняюць забойцаў”.
- Калі чалавек недасведчаны, то ён можа сказаць, што праваабаронца “абараняе забойцаў”. Насамрэч гэта не так. Напрыклад, калі я працаваў пра справе Грунова, то я з’яўляўся такім “мосцікам” паміж маці Грунова, адвакатам Грунова і Камітэтам ААН. Меў даверанасць ад Грунова на працу з Камітэтам ААН. Але ў нацыянальнай судовай сістэме я не маю права на яго абарону, гэтым займаюцца адвакаты. Я рыхтаваў і падрыхтаваў у Камітэт ААН скаргу ад імя Грунова, дзе адзначыў шэраг парушэнняў дзяржавай яго правоў, у тым ліку - права на жыццё. Справу Грунова Вярхоўны суд накіраваў на перагляд. 26 лістапада пачаўся суд па пераглядзе… Гэта не значыць, што “праваабаронцы абараняюць забойцаў”.
- Дык каго і чаму абараняюць актывісты кампаніі за адмену смяротнага пакарання?
- Мы, удзельнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, не даем ацэнак злачынстваў. Мы выступаем супраць смяротнай кары як меры пакарання. Жыццё ёсць каштоўнасць, гэта прызнаюць усе краіны Еўропы, і наша краіна мусіць далучыцца да гэтых краін, пайсці шляхам, якім пайшлі нашы бліжэйшыя суседзі – Расія і Украіна. Выкарыстанне смяротнага пакарання ў ХХІ стагоддзі – гэта проста дзікунства. І Беларуская праваслаўная царква выказваецца супраць смяротнага пакарання, кажа, што жыццё чалавеку дае Бог і забраць жыццё можа толькі Бог. А яшчэ судовыя памылкі… Мы памятаем выпадкі, калі расстрэльвалі невінаватых людзей. А смяротнае пакаранне мае незваротны характар – жыццё чалавеку не вернеш, калі будзе прызнаная судовая памылка. Калі можна было б фантазіраваць і ўявіць, што пакаранне смерцю забойцы можа вярнуць жыццё, уваскрасіць забітага ім чалавека, ахвяру - тады можна было б казаць пра эфектыўнасць смяротнага пакарання. Але ніхто не верне жыццё забітаму чалавеку. Наша грамадства не гатова даць адказ на пытанне – ці патрэбна нам смяротнае пакаранне, гэта адбываецца, у тым ліку, з-за таго, што дзяржава не тлумачыць плюсы і мінусы смяротнага пакарання. Але гэта не толькі праблема нашага грамадства, у краінах, дзе адмененая смяротная кара, шмат людзей выказваецца таксама за смяротную кару. Праблема смяротнага пакарання - не пытанне, якое вырашаецца на рэферэндумах. Гэта пытанне, якое вырашаюць эліты.
- Ёсць такое меркаванне (таксама на пабытовым узроўні), што калі адмяніць смяротнае пакаранне, пачнецца разгул злачынстваў, павялічыцца колькасць маньякаў і серыйных забойцаў. Наколькі эфектыўнае смяротнае пакаранне ў плане прафілактыкі злачынстваў?
- Калі б смяротнае пакаранне з’яўлялася эфектыўным сродкам спынення цяжкіх злачынстваў, дык нам, напэўна, не давялося б казаць, што ў гэтым годзе да смяротнага пакарання ў Беларусі асуджаныя тры чалавекі… І так штогод – то тры, то два. Сам факт выкарыстання ў краіне смяротнага пакарання не з’яўляецца стрымліваючым фактарам і не вядзе да зніжэння колькасці цяжкіх злачынстваў, за якія яно выносіцца. Ужо даказана, што забойца, які пазбаўляе жыцця сваю ахвяру, не думае пра тое, што яго таксама пазбавяць жыцця.
- А што тычыцца справы Грунова?
- Гэты чалавек хворы. Яго спачатку трэба лячыць, а пасля прыцягваць да адказнасці. Таму мы з адвакатам патрабавалі, каб правялі новую паглыбленую экспертызу стану яго псіхічнага здароўя. І, акрамя смяротнага пакарання, ёсць такое пакаранне як пажыццёвае зняволенне.
Гутарыла Паліна Сцепаненка, адмыслова для кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”