Тамара Чыкунова: «Хачу, каб Лукашэнка задумаўся: кроў забітых з дапамогай закона кладзецца на яго рукі» (аўдыё)

Тамары Чыкунова ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні
Тамары Чыкунова ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні

Заснавальніца узбекскай арганізацыі "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў" Тамара Чыкунова цесна супрацоўнічае з беларускімі праваабаронцамі, паколькі лічыць сваёй галоўнай задачай адмену смяротнага пакарання ва ўсім постсавецкім рэгіёне.

Гэтым летам вядомая абаліцыяністка ў якасці запрошанага эксперта працавала з удзельнікамі Школы па правах чалавека для моладзі, якую ПЦ "Вясна" штогод праводзіць у Беларускім доме правоў чалавека ў Вільні. Працу з моладдзю, як і з насельніцтвам у цэлым, яна лічыць адным з асноўных прыярытэтаў на шляху да спынення забойстваў, узаконеных дзяржавай. «Тое, што частка насельніцтва падтрымлівае смяротнае пакаранне, сведчыць, у першую чаргу, пра недасведчанасць людзей і пра тое, што ў грамадстве не надаецца належнай увагі гэтай праблеме. Бо далёка не ўсе людзі разумеюць, што смяротны прысуд суд выносіць ад імя Рэспублікі Беларусь - значыць, ад усяго народа, які жыве ў дзяржаве. Гэта значыць, кожны чалавек такім чынам удзельнічае ў кожным канкрэтным пакаранні смерцю і становіцца удзельнікам злачынства, таму што гэтае пакаранне  пазбаўляе чалавека жыцця», - разважае Тамара Чыкунова, размаўляючы з маладымі беларусамі. Але, напэўна, для кожнага ўдзельніка гэтых лекцый самы моцны аргумент з яе боку - судовая памылка. Таму што Тамара Чыкунова, заганяючы глыбей мацярынчкі боль страты, распавядае сваю асабістую гісторыю: у 2000 годзе ва Узбекістане пакаралі смерцю яе адзінага сына Дзмітрыя, але ў 2005 годзе ён быў прызнаны невінаватым і рэабілітаваны пасмяротна - у судзе Дзмітрый прызнаўся ў здзяйсненні злачынства «дзякуючы» катаванням.

Маці незаконна пакаранага распавядае, што калі пачыналася кампанія за адмену смяротнага пакарання ва Узбекістане, то разам з аднадумцамі вельмі шмат намаганняў яны аддавалі менавіта на інфармаванне насельніцтва, тлумачальную працу. «І гэтыя нашы намаганні не заставаліся безвыніковымі. Многія прыхільнікі смяротнага пакарання падыходзілі да мяне пасля сустрэч, і неяк ад пажылых жанчын, скептычна настроеных па пачатку, я пачула такія словы: «Вы ў сваім сведчанні казалі пра тую жорсткасць, якую мы заахвочваем, мы ніколі не думалі пра гэта, але гэта ж страшна... вы перавярнулі нашае стаўленне да смяротнага пакарання...». Яны ўзялі бланкі і потым перадалі трыста з лішнім подпісаў за адмену смяротнага пакарання», - успамінае Тамара Іванаўна.

Але, кажучы пра тое, наколькі важна дабіцца разумення праблемы сярод простых людзей, Тамара Чыкунова падкрэслівае, што рашэнне гэтай праблемы цалкам залежыць ад палітычнай волі. «Першае слова - за кіраўніком вашай дзяржавы, за Лукашэнкам. І я заклікаю спадара прэзідэнта аддаць свой ​​голас за адмену смяротнага пакарання. Бо ён не нарадзіўся катам. Ён бярэ на сябе адказнасць за чалавечыя жыцці. Ён вырашае - каму жыць, а каму памерці. Таму што без подпісу прэзідэнта пад вердыктам нікога не пакараюць смерцю. Я хачу, каб ён задумаўся, што кроў забітых з дапамогай закона, у першую чаргу, кладзецца на яго рукі - на рукі прэзідэнта, які падпісвае да выканання прысуды. Я спадзяюся, што прэзідэнт Лукашэнка адменіць смяротнае пакаранне - як лідэр дзяржавы, які будуе дэмакратыю».

Нагадаем, што праваабарончая дзейнасць кіраўніка ўзбекскай няўрадавай арганізацыі «Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў» Тамары Чыкуновай адзначана шэрагам прэстыжных узнагародаў, у тым ліку германскай Нюрнбергскай прэміяй у абарону правоў чалавека (2005), медалём Нацыянальнай кансультатыўнай камісіі Францыі па правах чалавека «Свабода, Роўнасць, Братэрства»(2005), медалём італьянскага горада Генуя ў межах руху «Гарады за жыццё - гарады супраць смяротнага пакарання» (2009), французскім нацыянальным ордэнам Ганаровага Легіёна (2010). Праваабаронца была намінаваная на Нобелеўскую прэмію міру 2005. 

Дакументы

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны