У Харкаве правялі дыскусію "Смяротнае пакаранне, узурпацыя дзяржавай права на жыццё" (аўдыё)
Актывісты Харкаўскай філіі “Фундацыі рэгіянальных ініцыятыў” сумесна з Харкаўскай праваабарончай групай зладзілі дыскусію прысвечанаю тэме смяротнага пакарання - "Смяротнае пакаранне, узурпацыя дзяржавай права на жыццё".
Падчас дыскусіі ўдзельнікі разгледзілі розныя бакі смяротнай кары на прыкладзе краін, якія па сёняшні дзень выносяць смяротныя прысуды. Адной з абмеркаваных тэм стала існаванне смяротнага пакарання ў Беларусі.
Каардынатар мерапрыемства Багдан Алексін адзначыў, што міжнародная салідарнасць у пытанні смяротнага пакарання можа стаць тым рухавіком, які здолее направіць дзяржаву ў рэчышча гуманнасці і зменіць стаўленне да пытання смяротнай кары ў грамадстве.
“Гэтае мерапрыемства – найперш акцыя салідарнасці з беларускім народам. Ва Украіне смяротная кара была адменена яшчэ ў 1999 годзе, але і гэта было надта позна. Трэба выхоўваць у людзях грамадзянскую супольнасць, паказваць ім розныя бакі існавання смяротнай кары. Нават пасля адмены смяротнага пакарання ва Украіне вялікая колькасць людзей усёадно выступала за яго вяртанне.
Я лічу, што калі ўсе краіны-суседкі Беларусі аб’яднаюцца супраць існавання смяротнай кары ў краіне гэта стане спосабам ціску на дзяржаву. Зараз інтэрнет дазваляе прарываць сваеасаблівую блакаду, якая сфарміравался за гады незалежнасці кожнай з краін. Трэба прарываць гэтую блакаду і даводзіць інфармацыю да людзей, каб яны разумелі, што гэта праблема не таго, каго забіваюць, а праблема кожнага. Мы павінны быць грамадзянамі і падтрымліваць адзін адно”.
На мерапрыемстве адбыўся прагляд анімацыйных ролікаў “Выканаўца”, “Чарга”, "Палёт" і “Аловак і гумка”, распрацаваных валанцёрамі кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". А таксама быў прадстаўлены фільм “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”, што складаецца з шасці кліпаў-аргументаў, якія распавядаюць пра непрапарцыйнасць і жорсткасць такой меры кары.
Нагадаем, На сёняшні дзень адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне, застаецца Беларусь. Праваабарончы цэнтр “Вясна” і кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”запрашаюць усіх ахвотных далучацца да гэтай акцыі супраць смяротнай кары і падпісаць петыцыю за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.