Музыкі пра смяротнае пакаранне: Монстраў трэба ізаляваць, але не забіваць

Фота euroradio.fm
Фота euroradio.fm

8 кастрычніка ў клубе Re:Public адбудзецца фестываль "Рок за жыццё", удзел у якім возьмуць беларускія гурты "Дай дарогу!", Re1ikt, "Мутнаевока", :B:N:, Sciana і "Тлушч", паведамляе Еўрарадыё. Музыкі такім чынам падтрымаюць увядзенне мараторыя на вышэйшую меру пакарання ў Беларусі акурат напярэдадні Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання.

"Калі я быў малым, я паглядзеў фільм "Жыццё Дэвіда Гейла" з Кевінам Спэйсі ў галоўнай ролі. Там даволі даступна паказаная сітуацыя, калі здараецца памылка. Жыццё чалавека вельмі дарагое і не можа каштаваць памылкі, — абгрунтоўвае свой удзел у мерапрыемстве Аляксандр Дземідзенка з гурта Re1ikt. — Не ведаю, ці добра гэта, у адказ на нейкі кепскі ўчынак забіць чалавека? Монстраў трэба ізаляваць ці лячыць. Але забіць — гэта ўсё, незваротная кропка".

Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Прыхільнікі руху выступаюць супраць вышэйшай меры ва ўсіх выпадках без выключэння. Беларусь дагэтуль застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне расстраляна больш за 400 чалавек.

"Увогуле, мы выступаем супраць смяротнага пакарання, бо ніхто не мае права адабраць у чалавека жыццё, — тлумачыць лідар :B:N: Алесь Лютыч.

Юрый Стыльскі з "Дай Дарогу!" дадае:

"Смяротная кара... Тут няма ніякай гуманнасці, і я думаю, што гэта не патрэбнае. Да таго ж, вырашаць гэта мусіць Усявышні".

"Гэта няправільна — пазбаўляць чалавека жыцця, тым больш, што ў большасці краін свету такога няма. Гэта застаецца пад покрывам, неасветленым пытаннем і праўда хаваецца ад людзей, — разважае Яўген Змушка з "Мутнагавока". — Смяротная кара — гэта злачынства супраць чалавека. Гэтая тэма мне не чужая, як грамадзяніну і творчаму чалавеку. Таму хочацца зрабіць свой унёсак, які магчыма, некаму дапаможа".

Фестываль "Рок за жыццё"

8 кастрычніка, Мінск, клуб Re:Public, вул. Прытыцкага, 62 (ст.м. Кунцаўшчына)

Пачатак: 17.30

"Дай дарогу!", Re1ikt, :B:N:, "Мутнаевока", Sciana, "Тлушч".

Квіткі: 5 рублёў — танцпол, 10 рублёў — месца за столікам, у дзень канцэрта 10 — танцпол, 15 — столікі. Набыць квіткі можна ў касах і на сайце білетнага аператара Kvitki.by.

Даведкі: +375 29 121 22 96

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны