Толькі пасля звароту праваабаронцы Віцебскі абласны суд размясціў інфармацыю пра смяротны прысуд
Віцебскі абласны суд адказаў на электронны зварот праваабаронцы Паўла Левінава, які прасіў прыпыніць прысуд і прадставіць дадатковую інфармацыю па справе асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Лётава.
Старшыня суда Мікалай Хамічонак у сваім лісце ўказаў праваабаронцу на тое, што пытанне аб прыпыненні вырашаецца асобамі, ўпаўнаважанымі артыкулам 404 КПК на прынясенне пратэсту на ўступіўшы ў законную сілу прысуд суда – Старшынёй Вярхоўнага суда і Генеральным пракурорам, іх намеснікамі.
“Вы не з'яўляецеся ўдзельнікам працэсу, які мае права на атрыманне інфармацыі па крымінальнай справе, на абскарджанне прысуду, згаданага ў звароце, у сілу чаго Ваша просьба аб прадастаўленні канкрэтнай інфармацыі па крымінальнай справе не падлягае задавальненню.
Разам з тым, крымінальная справа была разгледжана ў адкрытым судовым пасяджэнні. Інфармацыя аб прызначэнні справы да разгляду была размешчана на афіцыйным партале сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі”, - адзначыў старшыня Мікалай Хамічонак.
І сапраўды на сайце Віцебскага абласнога суда размешчаны прэс-рэліз па крымінальнай справе пра забойства ў папраўчай калоніі г. Глыбокае. У ім паведамляецца дадатковая інфармацыя, атрымаць якую намагаўся праваабаронца Павел Левінаў пры дапамозе свайго звароту.
Так, указваецца, што абвінавачаны, маючы непагашаную і нязнятую судзімасць, раней учынiў забойства двух асобаў, адбываючы пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за раней учыненыя забойства ў папраўчых установах, знаходзячыся на тэрыторыі вытворчай зоны папраўчай установы з асаблівай жорсткасцю, на глебе асабістых непрыязных адносін, наўмысна нанёс пацярпеламу хваставіком з клінком не менш за 60 траўміруюць уздзеянняў, у тым ліку ў жыццёва важныя органы - галаву, шыю і грудную клетку. Ад сукупнасці шматлікіх колата-рэзаных і рэзаных ран галавы, шыі, грудной клеткі і канечнасцяў наступіла смерць пацярпелага на месцы здарэння.
Суд палічыў, што ў дзеяннях абвінавачанага мае месца асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў, і прызнаў Віктара Лётава вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойства), здзейсненым з асаблівай жорсткасцю, асобай, якая раней учынiла забойства, і па п.п.6, 16 ч.2 арт.139 КК Рэспублікі Беларусь прызначыў выключную меру пакарання - расстрэл.
“Прысуд суда не быў абскарджаны і апратэставаны і ўступіў у законную сілу 6 кастрычніка 2017 года”, - пазначана ў прэс-рэлізе.
Цікава, што прэс-рэліз выйшаў толькі пасля звароту праваабаронцы – 9 лютага, у той час калі прысуд быў вынесены яшчэ 22 верасня 2017 года, а папярэднія прэс-рэлізы па іншых справах публікуюцца на сайце ў бліжэйшыя дні пасля судовых паседжанняў.
Нагадаем, праваабаронцы выпадкова даведаліся пра знаходжанне Віктара Лётава ў камеры для смяротнікаў у СІЗА на Валадарцы. Вядома, што ён быў асуджаны 22 верасня 2017 года Віцебскім абласным судом за забойства сукамерніка ў папраўчай калоніі г. Глыбокае.