Amnesty International: Жыльнікаў і Сухарка ў кроку ад расстрэлу

Amnesty International нагадвае, што два прысуджаныя да смерці беларускія вязні — Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка — могуць быць расстраляныя ў любы момант.

Жыльнікаў і Сухарка былі першымі, каго прысудзілі да найвышэйшай меры пакарання ў 2018 годзе. Пасля нядаўніх расстрэлаў Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, яны, як мяркуецца, з'яўляюцца адзінымі вядомымі вязнямі, якія дасюль знаходзяцца ў камеры смяротнікаў у СІЗА №1. Менавіта сям'я Аляксандра Жыльнікава паведаміла прадстаўнікам беларускай грамадзянскай супольнасці аб верагоднай даце прывядзення прысудаў у выкананне. Жыльнікаў сказаў сваім родным, што да ночы з 19 на 20 лістапада ён быў у адной камеры з Сямёнам Беражным, якога вывелі з камеры і назад ён не вярнуўся.

Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка першапачаткова былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне ў сакавіку 2017 года па абвінавачванні ў забойстве трох чалавек у снежні 2015 года. У выніку дзеянняў пракуратуры, у ліпені 2017 года Вярхоўны суд накіраваў справу на новы разгляд у суд ніжэйшай інстанцыі, які 20 студзеня 2018 г. прысудзіў абодвух абвінавачаных да смяротнага пакарання. Адвакат Жыльнікава прасіў правесці паўторную судова-медыцынскую экспертызу, каб даказаць яго невінаватасць у двух з трох забойстваў. Адвакат таксама патрабаваў менш суровы прысуд. Абедзве просьбы былі адхіленыя, і 30 траўня 2018 года Вярхоўны суд пакінуў смяротныя прысуды ў сіле.

Amnesty International заклікае людзей з усяго свету напісаць беларускім уладам з заклікам спыніць расстрэлы Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухаркі, абвесціць мараторый на выкананне смяротных прысудаў і замяніць усе смяротныя прысуды пазбаўленнем волі.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны