Івэнты, прагляды, дыскусіі, ці Як праходзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання
У Менску праходзяць розныя мерапрыемствы, прысвечаныя Тыдню супраць смяротнага пакарання.
На пляцоўцы Тэрыторыя правоў адбыўся прагляд фільма польскага рэжысера Кшыштафа Кесьлёўскага “Кароткі фільм пра забойства”. Фільм з’яўляецца часткай цыкла з дзесяці тэлевізійных фільмаў пад назвай “Дэкалог”. Сам рэжысер тлумачыць задуму наступным чынам:
"«Дэкалог» — гэта спроба расказаць дзесяць гісторый, якія маглі здарыцца з кожным.[...] Жыццё кожнага чалавека заслугоўвае ўвагі — у кожнага ёсць свае таямніцы і драмы".
“Кароткі фільм пра забойства” з’яўляецца пятай часткай “Дэкалога” і распавядае пра двух маладых людзей: 20-цігадовага Яцака Лазара, які забіў таксіста, і адваката Пятра Баліцкага, які бараніць таго ў судзе. Нягледзячы на выдатную судовую прамову, Пятро прайграе працэс. І суд выносіць вырак Яцаку — вышэйшая мера пакарання.
Пасля прагляду фільма прайшло яго абмеркаванне разам з праваабаронцам ПЦ “Вясна” Алесем Бяляцкім і Паўлам Сапелкам. А яго удзельнікі, Андрусь ды Ілля, падзяліліся сваімі ўражаннямі:
"Кароткі фільм пра забойства" быў зняты ў 1988 г. У тым жа годзе Польская Народная Рэспубліка адмяніла смяротнае пакаранне, якое дагэтуль здзяйснялася праз павешанне.
Акрамя гэтага, Клуб ангельскай мовы пра правы чалавека, які праводзіцца кожны панядзелак на пляцоўцы Тэрыторыя правоў, адзін са сваіх заняткаў прысвяціў тэме смяротнага пакарання ў Беларусі. Яго курыравала праваабаронца ПЦ “Вясна” Наталля Сацункевіч.
Да занятка далучыўся каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.
Андрэй Палуда зрабіў цудоўны унёсак у дыскусію, — распавяла Наталля Сацункевіч. — Амаль усе удзельнікі сустрэчы падчас англамоўнай галасаванкі вызначыліся, што яны супраць смяротнага пакарання, але усё роўна цікава было паразмаўляць, таму што ў жыцці мы часта сутыкаемся з аргументамі за смяротнае пакаранне, і карысна разумець гэтую пазіцыю, каб ведаць, што можна адказать таму, хто яе падтрымлівае. Мы правялі серыю двух-хвілінных дэбатаў, дзе ў пары трэба было за такі кароткі час на ангельскай мове пераканаць свайго апанента ў супрацьлеглай пазіцыі. Напрыклад, сярод іншага былі такія: “смяротнае пакаранне захоўвае грошы падаткаплацельшчыкаў” супраць “чалавечае жыццё не павінна вымярацца грашыма ці мець кошт”.
Да Тыдня супраць смяротнага пакарання далучыўся і Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі "Жывая Бібліятэка", які сумесна з ПЦ “Вясна” зладзіў ларп на гэтую тэму.
Падчас ларпа удзельнікі атрымалі магчымасць зразумець перакананні прыхільнікаў_ц і праціўнікаў_ц смяротнага пакарання, а таксама пражыць 10 хвілін чалавека, якога ледзьве не пакаралі смерцю ці які трымае варту ля камераў смертнікаў.
Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі працягваецца. Поўную праграму можна паглядзець тут.